Расійскі крэдыт на 3 мільярды патрэбны Беларусі, каб вярнуць пазыкі

Беларусь просіць у Расіі 3 мільярды долараў. Гэтыя грошы могуць даць, але з улікам выканання праграм па папярэднім крэдытам, заявіў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуванаў.

На думку старшага аналітыка “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іосуба, беларускі ўрад шукае спосабы дыверсіфікацыі магчымых крыніц паступлення грошай, а крэдыт нам патрэбны, каб разлічвацца па старых пазыках.

“Нам трэба вяртаць даўгі, у тым ліку па крэдыце Расіі і па еўрааблігацыях. Цяпер гэтыя грошы ёсць, але гэта будзе адчувальны ўдар па золатавалютных рэзервах, калі вяртаць даўгі без новых паступленняў. Мы можам вярнуць даўгі, але ЗВР знізіцца і ўзнікне пытанне, як вяртаць у наступным годзе”.

У любым выпадку давядзецца пазычаць грошы. Беларусь паралельна просіць грошы ў Еўразійскім фондзе стабілізацыі і развіцця, там рашэнне яшчэ не прынятае, але пытанне будуць працягваць разглядаць. Паралельна чакаецца місія МВФ, якая будзе абмяркоўваць пытанне выдзялення крэдыту. Таму калі грошай ад Расіі не будзе, застануцца іншыя варыянты.

Калі міністр фінансаў Расіі казаў пра выкананне ўмоваў па папярэдніх крэдытах, то хутчэй за ўсё меў на ўвазе крэдыт ад антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС. Мы не атрымалі трэці транш, бо не выканалі ўмовы, пад якія давалі гэты крэдыт. А ўвогуле Беларусь свае абавязкі па выплатах выконвае, дадае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі