Расійскіх вайскоўцаў здымаюць з баявых пазіцый для аховы параду ў Марыупалі?
Марыупаль пасля "дэнацыфікацыі", красавік 2022 / Reuters
Акупацыйныя расійскія войскі ўсё ж збіраюцца правесці парад 9 траўня ў занятым і разбураным імі Марыупалі. Больш за тое, для аховы мерапрыемства з баявых пазіцый здымаюць расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.
Згодна украінскай выведцы, звычайна 71-ы гвардзейскі мотастралковы полк 42-й мотастралковай дывізіі 58-й агульнавайсковай арміі паўднёвай ваеннай акругі арміі РФ дыслакуецца ў станіцы Каліноўская, што ў Чачэнскай рэспубліцы. Але "расійскія захопнікі настолькі баяцца нападу абаронцаў Украіны, што прымусілі афіцэраў палка пакінуць баявыя пазіцыі і забяспечваць іх кругласутачную ахову", — кажа выведка.
Напярэдадні прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў аб немагчымасці правядзення парада ў Марыупалі, маўляў, яшчэ не час. Але ў той жа час выказаў меркаванне, што 9 траўня ў Марыупалі будзе "нямала расіян" і запэўніў, што яму нічога невядома аб адпраўцы ў горад афіцыйнай расійскай дэлегацыі.
Па дадзеных кіраўніка ўкраінскай выведкі Кірыла Буданава, 9 траўня Расія збіраецца афіцыйна заявіць пра пачатак вайны з Украінай і абвясціць усеагульную мабілізацыю. CNN са спасылкай на заходніх чыноўнікаў таксама піша, што Пуцін выкарыстоўвае сімвалічнае значэнне і прапагандысцкую каштоўнасць 9 траўня як "Дня перамогі", каб аб'явіць аб ваенных дасягненнях ва Украіне ці сур'ёзнай эскалацыі баявых дзеянняў.
Іншыя магчымыя сцэнары на 9 траўня, на думку заходніх чыноўнікаў, — анексія акупаваных тэрыторый Луганскай і Данецкай абласцей на ўсходзе Украіны, узмацненне наступу на Адэсу або абвяшчэнне поўнага кантролю над Марыупалем.
Пяскоў і ў гэтым выпадку запэўнівае, што афіцыйна аб'яўляць мабілізацыю або вайну Украіне 9 траўня Расія не плануе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.