Расійскія алімпійцы едуць у Пекін з апаратам ад беларуса Глушанкова

Цудадзейны апарат, які хутка забяспечвае ўсе мышцы кіслародам і дазваляе чалавеку адпачыць за ўдвая карацейшы тэрмін, беларус Канстанцін Глушанкоў прапаноўваў і нашым трэнерам. Але адказу ад іх ён чакае ўжо паўгода. Тым часам апаратам зацікавіліся нават трэнеры знакамітага баксёра Клічко Апарат заснаваны на сумесі кіслароду і гелію, якой трэба дыхаць. Гэткая сумесь мае надзвычайны эфект, бо пранікае праз клеткавыя мембраны і “чысціць” клеткі. Глушанкоў распавядае, што ён ужо дамовіўся з трэнерам алімпійскай зборнай па велатрэку аб выпрабаваннях.

“Я быў у Маскве ў Крылацкім на велатрэку. Размаўляў з трэнерам алімпійскай зборнай Уладзімірам Лявонавым. На наступным тыдні я туды еду, будзем дыхаць з трэкавымі веласіпедыстамі. Галоўнае, што іх больш за ўсё цікавіць, — гэта забеспячэнне кіслародам мышцаў і зняццё заціскання ў мышцах. Калі мышцы моцныя і пластычныя, без усякіх зацісканняў, то яны, натуральна, круцяць педалі нашмат хутчэй, чым заціснутыя. Для таго каб рабіць рух вельмі хуткі, мышцы мусяць быць вельмі расслабленыя, а кіслародна-геліевым дыханнем гэта робіцца на раз-два. Яны 18 снежня з’язджаюць на зборы ў Кіпр, і вось да гэтага тыдзень мы будзем з імі працаваць. А потым ужо, пасля Новага года будзем рыхтавацца да Алімпіяды”.

Да таго, як Канстанцін “выйшаў” на расійскіх трэнераў, ён вёў перамовы з беларускімі. Глушанкоў дэманстраваў апарат у Рэспубліканскім цэнтры спартовай медыцыны.

“Яшчэ ў сакавіку ўсе апрабавалі, запрасілі лекараў. З начальнікам, з начмедам, з дыягнастычным абсталяваннем. І атрымалі добрыя вынікі. Але з таго часу ад іх – нічога. Гэта пытанні адміністрацыйныя і трэнерскія. Такое ўражанне, што яны апамятаюцца перад самай Алімпіядай, але тады мы ўжо ім нічым дапамагчы не зможам”.

У Маскве ж зацікаўленыя трэнеры знайшліся. Кіслародна-геліевае дыханне — не допінг, а эфект — відавочны.

“Бо ў Маскве ўжо разумеюць, што на Алімпіядзе ў Пекіне допінгі не пройдуць. А тут мы знайшлі магчымасць удасканалення фізічнай формы спартоўцаў безмедыкаментозна!”

Апаратам зацікавіўся і трэнер клуба, да якога належыць чэмпіён свету па боксе Клічко.

“Мы дамовіліся, што будзем гэтым займацца. Я паказаў гэтаму трэнеру паказчыкі, якія мы атрымалі па дыягностыцы – да дыхання, пасля дыхання. Гэта вельмі ўражвае. Але пакуль ён не прыязджаў, хоць і абяцаў. Таму рана казаць”.

Калі баксёр дыхае кіслародна-геліевай сумессю, яго траўмы гояцца удвая хутчэй.

“Ну вось уявіце сабе, што ў чалавека траўма (а ў боксе гэта звычайная справа), і яна гоіцца без рубцоў у два разы хутчэй за звычайную. Кровападцёкі проста знікаюць без усякіх наступстваў, усе сінякі. Мазгі вельмі добра “чысцяцца” – забяспечваюцца кіслародам. Адпаведна, чалавек хутчэй адпачывае, то бок яго можна трэніраваць у два разы больш інтэнсіўна. То бок, калі ў баксёра некалькі баёў запар, ён атрымлівае абсалютна надзвычайныя магчымасці для хутчэйшага ўзнаўлення”.

Гэты апарат вынайшаў не Канстанцін Глушанкоў, а расійскія навукоўцы па замове ваенна-марскога флоту яшчэ ў Савецкім Саюзе. Але зрабілі такіх апаратаў не больш за дзесяць, і ўсе яны згубленыя, паводле афіцыйных звестак — патанулі. Адзін з іх апынуўся ў беларуса Глушанкова, бо яго школьны сябра курыраваў працу над стварэннем апарата.


ДАСЬЕ ЕЎРАРАДЫЁ

Першапачаткова апараты ствараліся, каб выратоўваць падводнікаў, якія патрапілі ў халодную ваду. Але пры даследаванні кіслародна-геліевай сумесі выявілася, што яна не проста “грэе чалавека знутры”, а лечыць шматлікія хваробы.



“Калі чалавек дыхае кіслародна-геліевай сумессю, у яго вельмі хутка ўзнаўляюцца лёгкія. І вельмі шмат хвароб лёгкіх вылечваюцца. Мала таго, услед за ўсепранікальным геліем у клеткі вельмі лёгка пранікае кісларод. Быў такі выпадак. Аднаму з распрацоўшчыкаў паставілі “перадынфарктны стан”. Хто ведае — гэта назаўсёды. І ён праз 14 дзён трапляе зноў да лекараў, і яны не знаходзяць гэтага перадынфаркту. Той дыхаў на гэтым апараце. Канцэрагенныя фактары, то бок фактары, якія выклікаюць анкалогію, рак, — яны ўзнікаюць ад розных прычын, але гэтыя прычыны робяць вось што. Яны памяншаюць праніцальнасць мембран клетак, і ад гэтага ўзнікае рак. Ёсць доктарская дысертацыя доктара Барыса Мікалаевіча Паўлава з інстытута медыка-біялагічных праблем, пра тое, што з дапамогай кіслародна-геліевага дыхання мембраны чысцяцца, узнаўляецца пранікальная здольнасць. То бок, калі чалавек перыядычна, хаця б па пяць хвілін раз на тыдзень дыхае кіслародна-гелевай сумессю, рак немагчымы паводле азначэння”.

Далейшых даследаванняў у гэтым напрамку не праводзілася. Канстанцін Глушанкоў кажа, што мае вопыт, калі ў чалавека зніклі праблемы даўніх павялічаных лімфатычных вузлоў дзякуючы дыханню праз апарат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі