Алесь Бяляцкі: Прадказаць перспектывы справы "19 снежня" немагчыма
Прысуды расіянам Брэусу і Гапонаву і беларусу Мядзведзю выявіліся нечакана "мяккімі". Ці значыць гэта, што махавік рэпрэсіяў даў зваротны ход?
Праваабаронца Алесь Бяляцкі, выказаўшы радасць, што сённяшнія падсудныя пазбеглі зняволення, не адчувае вялікага аптымізму з нагоды наступных працэсаў па справе "19 снежня".
Як заявіў Бяляцкі ў жывым эфіры Еўрарадыё, прадказаць развіццё падзеяў немагчыма. Прычына — відавочная "палітычная пракладка", якая не дазваляе казаць пра бесстаронні судовы працэс. Далейшае "змякчэнне" ці "ўзмацненне жорсткасці" выракаў цалкам залежыць ад пазіцыі беларускіх уладаў.Праваабаронца нагадвае, што ў далейшым чакаюць суды над фігурантамі справы, якія могуць разглядацца ўладамі, як небяспечныя палітычныя канкурэнты.
Зрэшты, Бяляцкі не выключае, што значэнне можа мець і ўзмацненне знешняга ціску. Як гэта адбылося сёння, калі выносілі прысуд расіянам Брэусу і Гапонаву. Жорсткая пазіцыя Расіі, эканамічная залежнасць Беларусі відавочна мелі значэнне. А Дзмітрыю Мядзведзю, верагодна, проста пашанцавала судзіцца з расіянамі ў адзін дзень.