Алесю Бяляцкаму прапануюць даць прэмію Сахарава
З такой прапановай выступіў еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі з Еўрапейскай народнай партыі.
Аднак, піша польскі сайт wprost.pl, кандыдатуру Бяляцкага яшчэ не падтрымала сама партыя Сарыюш-Вольскага. А гэта неабходна для вылучэння беларускага праваабаронцы на атрыманне ўзнагароды Еўрапейскага парламенту. Яшчэ адзін спосаб, каб Бяляцкі стаў афіцыйным кандыдатам на ўзнагароду сёлета, гэта збор подпісаў 40 еўрадэпутатаў.
Прэмія Сахарава, названая ў гонар знакамітага савецкага дысідэнта, прызначаецца Еўрапейскім парламентам з 1988 года. Гэта ўзнагарода, якой адзначаюцца асобы і арганізацыі за уклад у абарону правоў і свабодаў чалавека. Сярод яе лаўрэатаў ужо былі беларусы. У 2004 годзе яе атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў і яе кіраўніца Жанна Літвіна, у 2006 годзе — лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.
Імя сёлетняга лаўрэата ўзнагароды будзе абвешчанае ў кастрычніку.