Amnesty International заступілася за грамадзянскую супольнасць у Беларусі
На думку праваабаронцаў, грамадзянская супольнасць зазнае рэпрэсіі з боку ўладаў, якія не трываюць ніякай формы крытыкі.
Даклад "Што не дазволена, тое забаронена: Прыгнечанне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі" Amnesty International апублікавала 18 красавіка.
Аўтары дакладу адзначаюць, што беларускія ўлады абмяжоўваюць свабоду сходаў, свабоду аб'яднанняў і свабоду слова, перашкаджаючы грамадзянам публічна выяўляць меркаванне, праводзіць маніфестацыі і ствараць некамерцыйныя арганізацыі.
Яны канстатуюць, што ў Беларусі з 2000 года не зарэгістравалі ніводную палітычную партыю, бо ўмовы рэгістрацыі з'яўляюцца празмернымі, а незалежныя прафсаюзы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў.
У дакладзе згадваецца арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага, звальненне прафсаюзнага актывіста з Мікашэвічаў Алега Стахаевіча. Праваабаронцы з Amnesty International згадалі разгон і мітынгу 19 снежня 2010 года, і "маўклівых акцыяў" у 2011-м.
На думку праваабаронцаў, беларускі закон пра масавыя мерапрыемствы парушае правы грамадзян на мірны пратэст. Як прыклад згадваецца Павел Вінаградаў, які за такія акцыі ў 2012 годзе правёў за кратамі 66 сутак.