Апошняе слова на судзе абвінавачанага ў тэрарызме
Дзмітрый Канавалаў адмовіўся ад апошняга слова, а Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што сваёй віны не прызнае.
Уладзіслаў Кавалёў: "Усталяванне выбуховых пакетаў у 2000 годзе ў першым пад’ездзе дому №7 на вуліцы Бядулі мела месца не ў перыяд часу з кастрычніка па снежань, як паказана ў абвінавачванні, а ў летні час. Я памятаю, што час быў не вучэбны і быў цёплы перыяд года. Пра што я ўказваў на папярэднім следстве. Таксама я і Канавалаў паказвалі, што петарда была ўстаноўлена менавіта ў першым пад’ездзе названага дома, але з боку дзяржабвінавачвання былі прадстаўлены сведкі, якія пражываюць у другім і шостым пад’ездах гэтага дома. Што адбывалася ў гэтых пад’ездах — мне не вядома. З дарогі, дзе мы стаялі, ніводзін з пад’ездаў, апроч першага, не праглядаўся. Гэта выразна відаць з запісу праверкі маіх паказанняў на месцы.
Да пашкоджанняў шкла ў шостым і другім пад’ездах, а таксама ваконнай рамы і ўваходнай дзверы кватэры №34 другога пад’езду, я і Дзмітрый Канавалаў не маем дачынення. Ад петарды такіх наступстваў наступіць не магло. Дадзены выбуховы пакет не з’яўляўся зброяй і не ўяўляў пагрозы для жыцця і здароўя людзей. Дзеянне дадзенай петарды мела пераважна шумавы характар. Тая петарда не змяшчала выбуховых рэчываў, а з яе абалонкі не маглі аддзяліцца нейкія аскепкавыя часткі. Апроч таго, выбуховы пакет быў змешчаны не паміж шкла, а на вонкавым боку шкла ўнутры пад’езда.
Я прызнаю факт усталявання петарды на шкле ў першым пад’ездзе дома №7 па вуліцы Бядулі, аднак прашу высокі суд звярнуць увагу, што бокам дзяржаўнага абвінавачвання не было прадстаўлена ніводнага сьведкі і сведчання, якія б паказвалі, што ў выніку выбуху была пашкоджана маёмасць, ці быў прычынены непакой жыхарам пад’езда. Таксама не было праведзена ніякіх экспертыз, што дазваляюць устанавіць, ці з’яўляецца гэтая "хлапушка" зброяй, ці не, ці ўвогуле самадзейным выбуховым прыстасаваннем.
Па абставінах устаноўкі выбуховага пакету ў пад’ездзе дома №22/3 па вуліцы 39-й арміі ў Віцебску я нічога сказаць не магу, таму што не памятаю гэтага выпадку, але экпертыз, якія дазваляюць сцвярджаць, што гэта петарда з’яўлялася самаробным выбуховым прыстасаваннем, таксама праведзена не было. Таксама з боку дзяржабвінавачвання не было прадстаўлена дакладных дадзеных, якія б дазволілі акрэсліць памеры шкоду выніку гэтых дзеянняў. Да таго ж у абвінавачанні не ўказаны нумар пад’езду, у якім адбывалася ўсталяванне. Усталяванне петарды на акне бібліятэкі мела месца не ў адзін з дзён лета 2002 года, а, як я тлумачыў, у халодны перыяд, прыблізна з кастрычніка па снежань, хутчэй за ўсё бліжэй да 2000 года. Праз некалькі месяцаў пасля першага здарэння летам. У абвінавачанні зазначаецца менавіта гэты перыяд, на маю думку, таму што гэта найбольш ранні выпадак пашкоджання шкла ў бібліятэцы, пра якое захаваліся нейкія звесткі. Аднак няма ніякіх падставаў, якія б дазволілі сцвярджаць, што тыя пашкоджанні былі вынікам нашых дзеянняў, тым больш, што сведкі сцвярджалі, што адтуліна знаходзілася на значнай вышыні ад зямлі і рабочым спатрэбілася лесвіца, каб часова ўзмацніць гэтае пашкоджанне. Факт замены зафіксаваны толькі ў 2004 годзе, што супярэчыць прад’яўленаму абвінавачанню. У выніку хлапка шкло магло ўвогуле не разбіцца. Выбуховы пакет быў маламагутны, а шкло магло разбіцца ад кінутага каменя.
Падчас усіх трох здарэнняў я быў абсалютна цвярозы, паколькі тады мне не споўнілася нават 16 гадоў, алкаголь у тым узросце я не ўжываў. Абвінавачанне кажа, што, пасля таго, як мы прыстасавалі петарду, мы аддаліліся на бяспечную адлегласць і такім чынам сцвярджае, што гэты хлапок уяўляў сабой небяспеку. Гэта не так, бо петарды былі маламагутныя. Падобная петарда выбухнула ў мяне ў руках і ніякай шкоды мне не нанесла. Таксама не было праведзена ніякіх экспертызаў, якія б дазволілі вызначыць, што выбуховыя пакеты былі самаробнымі выбуховымі прыладамі. Петарды былі хлапушкамі, іх дзеянні насілі пераважна шумавы эффект, імітацыю выбуху. Лічу, што ў гэтай частцы абвінавачванне надуманае.
Акрамя таго няма ніякіх дадзеных, якія б дазволілі выявіць, што ў выніку хлапкоў у першым пад’ездзе дома №7 па вуліцы Бядулі і ў бібліятэцы наступілі нейкія пашкоджанні. У сувязі з гэтым, абвінавачванне, прадугледжанае арт. 218 ч.2, арт. 309 ч.2-3, — безгрунтоўнае. Вышэй пералічаныя дзеянні варта кваліфікаваць згодна з адміністратыўным Кодэксам, як дробнае хуліганства. Тэрмін даўнасці па адміністратыўным правапарушэнні скончыўся. Таксама я ніколі не імкнуўся дэманстраваць выклік навакольным людзям, супрацьпастаўляць сваю асобу інтарэсам грамадства, дэманстраваць грэбаванне грамадскімі нормамі, ўсёдазволенасць ці агрэсію. У той час я быў падлеткам 15 год і браў удзел у гэтым выключна з цікавасці, альбо з свавольства.
Следства аказвала на мяне псіхалагічны ціск з боку супрацоўнікаў ГУБОП, якое выяўлялася ў пагрозах быць прыцягнутым у якасці саўдзельніка ў арганізацыі выбухаў у метро і пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення, альбо смяротнага пакарання, з мэтаю прымусіць мяне даваць паказанні супраць Канавалава. Я знаходзіўся ў падаўленым стане і мне цяжка сказаць, чаму я даў такія паказанні пра тое, што дома ў Канавалава праводзіўся вобшук. Ніякіх рэчаў ён мне для захавання не даваў, ніякіх асцярог у сувязі з гэтым ператрусам ён мне не выказваў і непакою не выяўляў. Больш за тое, я не ўпэўнены, што на той час у яго быў дамкрат — я яго бычыў у яго падвале толькі адзін раз, як мне здаецца — да 2007 года. У неданясенні аб выбухах з перыяду ад 2005 года па 12 красавіка 2011 года я не вінаваты, пра што казаў на судовым следстве.
Я даведаўся пра ўсе падрабязнасці, пра якія я казаў на папярэднім следстве, ад супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў, а таксама ад СМІ. Сам факт таго, што я даваў паказанні супраць Канавалава, з’яўляецца вынікам псіхалагічнага ціску з боку органаў крымінальнага пераследу. Мае паказанні па гэтых эпізодах супярэчлівыя, як і усё, што я гаварыў на допытах мне стала вядома ад аператыўных працоўнікаў УБОП непасрэдна пасля майго затрымання, а таксама ад супрацоўнікаў следчага камітэту, якія даводзілі да мяне, што я павінен буду гаварыць. Я пэўны, што Канавалаў не датычны да гэтага злачынства.
У паказаннях, паданых Канавалавым на папярэднім следстве, а таксама ў матэрыялах крымінальнага следства маюцца істотныя супярэчнасці. Першае. Канавалаў паказаў, што ў 2005 годзе былі выраблены СВП, узарваныя ў Віцебску, у якасці зараду быў выкарыстаны перакіс ацэтону. Аднак экспертыза паказала, што ў СВП ў якасці зараду выкарыстоўваўся траціл. Таксама ён указваў, што рэцэпт атрымання перакісу ацэтону ён знайшоў у інтэрнэце. Але ў той час ён не умеў карыстацца інтэрнэтам. Узрываць траціл ён навучыўся не раней 2007 года, пра што ён сам расказаў мне. Значыць, зрабіць выбух у Віцебску ў 2005 годзе ён не мог. СВП, выяўленыя ў 2008 годзе, а таксама ўзарваныя ў Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці, знаходзіліся на неачэпленай тэрыторыі, а сам Канавалаў цвердзіў, што ён абодва СВП выносіў па-за межы выстаўленнага на плошчы ачаплення. Пры абследванні не СВП, якія не выбухнулі, былі знойдзены адбіткі пальцаў біялагічнага аб’екта. Пры паслядоўным адслойванні ліпкай стужкі былі выяўлены адбіткі пальцаў эксперта Клімовіча. Верагодна, што гэтыя адбіткі былі пакінутыя падчас паслядоўнага наслойвання. Таксама на СВП былі выяўлены адбіткі пальцаў асоб, якія да гэтага часу не былі ўстаноўлены. На вонкавай частцы ўпакоўкі не было знойдзена адбіткаў пальцаў Канавалава, што ставіць пад сумнеў, што менавіта ён здзейсніў гэтыя выбухі.
Сведкі сцвярджаюць, што пры знаходжанні пакетаў з-пад сокаў, вечка была запячатаная і мембрана заставалася цэлай. Аднак на следстве Канавалаў паказваў, што ўсталяваў тумблер праз рыльца пакета. Так сама ён казаў, што ўключыў прыладу перад тым, як паставіць пакет на зямлю. Але экпертыза паказвае, што пры экспертызе СВП тумблер знаходзіўся ў палажэнні "ноль". Канавалаў паказвае, што форма злепкаў перакісі ацэтона і трацілавыя былі аднолькавымі па шырыні і па доўгасці, і знаходзіліся паралельна адзін да аднаго. Але даследаванне прылады, якая не выбухнула, паказала, што таксама не адпавядае рэчаіснасці. След ад перакісу быў формы, падобнай на літару Т, а след ад трацілу быў прамавугольнай формы невялікага памеру.
Канавалаў таксама гаварыў, што падчас вырабу пускавой прылады, ён выкарыстоўваў адну батарэйку. Пускавы механізм прылады, якая не разарвалася, складаўся з двух элементаў сілкавання. На маю думку, калі б Канавалаў насамрэч зрабіў гэтыя СВП, то падобных неадпаведнасцяў у яго паказаннях не было б. Даследавання выяўленных СВП кінолагамі са спецыяльна абучанымі сабакамі для знаходжання трацілу і пораху, вынікаў не дало. У сувязі з чым паўстае пытанне: ці сапраўды знайдзенныя пакеты былі СВП?
План, пра які казаў Канавалаў на папярэднім следстве, усталяваць спачатку адну прыладу, потым другую, выклікае моцныя сумневы. Натуральна, што пасля таго, як адбудзецца выбух, гэтая тэрыторыя будзе пільна адсочвацца праваахоўнымі органамі. Да выбуха 11 красавіка 2011 года я не маю ніякага дачынення, ніякіх дзеянняў, накіраваных на ўчыненне выбуху я не здзяйсняў. У падрыхтоўцы і здзяйсненні гэтага выбуху я не браў удзел. Намеру да супрацьпраўных дзеянняў, накіраваных на прычыненне людзям цялесных пашкоджанняў я не меў.
Я даў паказанні супраць Канавалава на папярэднім следстве. Аднак я даваў гэтыя паказанні пад псіхалагічным ціскам і ўплывам з боку органаў крымінальнага пераследу. Гэты ціск заключаўся ў пагрозах быць асуджаным як саўдзельнік і атрымаць у гэтым выпадку суровае пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення ці смяротнай кары. У мяне не было іншага выбара, як толькі даваць такія паказанні. Бок дзяржабвінавачання спасылаўся на тое, што я быў дапытаны ў якасці падазраванага раней, чым Канавалаў. Але гэта не так. Аказаўшыся ва УБОП, мяне і Канавалава дапытвалі адначасова. Аператыўнікі, якія праводзілі дазнанне, паведамілі мне пра тое, што гаворыць Канавалаў. Што ён узяў на сябе адказнасць за ўчыненне выбуха ў метро 11 красавіка, у Мінску падчас свята Дня Незалежнасці і ў Віцебску ў 2005 годзе. Мне не заставалася нічога іншага, як толькі даць супраць яго паказанні.
Знаходзячыся на другім паверсе будынка УБОП, я чуў крыкі Канавалава, якія даносіліся з суседняга кабінету. Я думаў, што хутка аператыўнікі прымуцца і за мяне. Допыт, на якім я ўпершыню даў паказанні супраць Канавалава, быў запісаны ўжо раніцай. Да гэтага нас усю ноч дапытывалі. Пры гэтым мне паказвалі зарысоўкі, паказвалі раздрукоўкі, расказвалі пра абставіны датычна віны Канавалава і ягоных паказанняў, пра якія я чуў упершыню. Паказанні, дадзеныя мною, утрымлівалі масу супярэчнасцяў. Таму што я даведваўся пра ўсё, што казаў, толькі са слоў праваахоўнікаў. Пакрысе, па ходу следства, я выключаў супярэчнасці, расказваючы пра што мне казалі. Я рабіў гэта толькі таму, што ў мяне не было выбару. Паказанні я змяніць не мог, таму што следчы казаў мне, што тым самым я зраблю вялікую памылку. Апроч таго, падчас аднаго з наведванняў без адвакату ён мне сказаў, што калі я пачну змяняць свае паказанні, то ён падыйдзе да пракурора, пагаворыць з ім, і ў гэтым выпадку пакаранне мне будзе больш жорсткім. Да таго ж, я баяўся ціску з боку следства. Мне не вядома, ці былі людзі, якія прыходзілі да мяне, са следчага камітэту, але допыты без пратаколу і адваката праходзілі вельмі часта.
Я не мог зразумець, навошта абвінавачваць Канавалава ў дробных злачынствах, якія нічога не вырашаюць у выпадку яго прызнання ў здзяйсненні выбуху ў метро. Аднак, паслухаўшы яго абвінавачванне, мне тое-сёе стала ясна. Версія чалавека, які ў адзін цудоўны дзень збірае бомбу і ўзрывае яе ў метро, гучыць непраўдападобна. А калі ён спачатку пачынае з дробных поскудзяў і паціху пераходзіць да прычынення цялесных пашкоджанняў, усё становіцца на свае месцы. На допытах без пратаколу мне казалі, каб я выставіў Канавалава тэрарыстам. І чакалі, што, чым больш я кажу, тым лепшую ролю гэта сыграе на судзе. Гэта ўсё мне падносілася пад відам дапамогі.
Таксама перад вочнай стаўкай з Канавалавым мене прывялі да следчага і ён гаварыў мне, што я павінен сказаць на вочнай стаўцы. Таксама ён казаў мне, што трэба апісаць нашы дзеянні і назваў патрэбную паслядоўнасць, што за чым трэба сказаць. Потым сказаў, каб я не думаў мяняць паказанні на вочнай стаўцы, што вельмі шмат будзе залежаць ад яе выніку, што мне вельмі пашкодзіць, калі я адмоўлюся ад сваіх паказанняў. І мне нічога не заставалася, як толькі пацвердзіць свае паказанні. Я быў вымушаны прытрымлівацца сваіх паказанняў на папярэднім следстве. Аднак я ўпэўнены, што Канавалаў не мае дачыненя да выбухаў на Кастрычніцкай станцыі. Пра гэта кажуць наступныя абставіны. Як паказвае відэазапіс з відэакамер метрапалітэна, меркаваны выканаўца выбуху знаходзіцца паблізу ад эпіцэнтра выбуху. Аднак ні на рэчах Канавалава, вынятых пры яго затрыманні, ні ў валасах, ні на скуры не знойдзена слядоў выбуховых рэчываў. Людзі, якія знаходзіліся нават на значнай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху, атрымалі цялесныя пашкоджанні, баратраўмы, акустычныя траўмы. Аднак медычнае абследванне ў Канавалава не выявіла падобных пашкоджанняў. Калі б выбуховая прылада, якую Канавалаў сабраў на папярэднім следстве, сапраўды знаходзілася ў спартовай сумцы, з якой ён прыехаў у Мінск, гэта было б выразна відаць на запісе з відэазапісаў камераў метрапалітэну. Я быў здзіўлены, што ў падвале Канавалава было знаўдзена столькі пакетаў з селітрай, парашкоў і інш. Аднак медыцынская экспертыза расставіла ўсе кропкі над і — адбіткаў пальцаў Канавалава на гэтых прадметах не выяўлена.
Важнымі абставінамі таксама лічу, што па версіі следства, затрыманне было праведзена наступным чынам: па відэа з камераў метрапалітэна вылічылі падазронага, у якога была падобная куртка, па вонкавых прыкметах падобная на куртку Канавалава. Пасля чаго былі выстаўлены назіральнікі на станцыі метро "Фрунзенская". Далей. 12 красавіка Канавалаў пайшоў да крамы, яго заўважылі, вылічылі шлях да кватэры, дзе і правялі затрыманне. Аднак трэба заўважыць, што 12-га ніхто з нас з гэтай кватэры не выходзіў.
Я разумею, што мае паказанні на папярэднім следстве збудаваны такім чынам, каб пацвердзіць і дапоўніць паказанні Канавалава, бо яго паказанні непераканаўчыя і супярэчаць матэрыялам крымінальнай справы. Мне вельмі сорамна перад самім сабою і Дзімам за тое, што я праявіў слабахарактарнасць і паддаўся ўплыву следства, даў такія паказанні. Аднак на судзе я даў праўдзівыя паказанні і спадзяюся, што гэтым хоць неяк адкупіў сваю віну перад самі сабою і Дзімам. Ацэньваючы доказы, якія прадаставіў бок абвінавачання, прашу высокі суд улічваць, што гэтае абвінавачанне будуецца на маіх паказаннях, паданых на папярэднім следстве. Аднак дадзены яны былі пад псіхалагічным ціскам з боку органаў крымінальнага пераследу. У сувязі з гэтым, яны атрыманыя з парушэннем нормаў КПК. А згодна арт. 8 КПК, "паказанні, атрыманыя з нарушэннем парадку КПК, з’яўляюцца незаконнымі". Я таксама хацеў бы звярнуцца да пацярпелых і грамадства, і хацеў бы сказаць, што тое, што я знаходжуся ў гэтай клетцы, яшчэ не значыць, што я здзейсніў гэтае злачынства".