Арамнаў: Тут і мае амбіцыі сыгралі. Я спазняўся і вырашыў не шкадаваць сябе

Я толькі зараз зноўку пачаў уваходзіць у форму. 190 кг парваў, 200 на грудзі ўзяў. Ужо зноўку выйшаў на тройку прызёраў. На адной назе. Тут проста мае амбіцыі сыгралі ролю, — кажа Андрэй Арамнаў. — Я спазняўся, і вырашыў не асабліва шкадаваць цела. Адчуваў, што нага паціху ўключаецца, што мышца нібыта склеілася. Як кажуць, амбіцыі — гэта зваротная супрацьлегласць разважнасці і розуму”.

Першы разрыў мышцы Арамнаў атрымаў на спартакіядзе школьнікаў у Барысаве, дзе атлет выступаць не жадаў.

І вось у суботу 21 ліпеня траўма на тым жа месцы перакрэсліла адзін з магчымых беларускіх медалёў на Гульнях у Лондане.

Андрэй Арамнаў: “У другі раз парваў я мышцу. З 240 кілаграмамі прысядаў — і мышца адскочыла цалкам. Я яе “забіў” больш, чым патрэбна, і яна адарвалася. Таму на Алімпіядзе ў Беларусі будзе 24 медалі. 25 не будзе, а будзе 24”.

На спартакіядзе школьнікаў у Барысаве Арамнаў вырашыў паказаць спартовым чыноўнікам усю сваю моц, амаль наблізіўся да сваіх рэкордаў.

З-за траўмы цягам трох наступных тыдняў атлет не мог трэніравацца ў поўную моц. Адна з ног дрэнна працавала. Але за дзясятак дзён да вылету на Алімпіяду, паводле слоў Андрэя, вынік зноўку пачаў расці.

Чыя віна ў тым, што ляснулася наша алімпійская надзея? Сам атлет не шкадуе словаў, пералічваючы вінаватых. Наракае штангіст і на сябе самога, і на асабістых трэнераў, і на галоўнага трэнера зборнай. А стратэгічнай памылкай называе тую спартакіяду школьнікаў.

Андрэй Арамнаў:Усё адно прымусілі там выступаць. Хоць я вельмі шмат папярэджваў, што мне не патрэбны гэтыя лішнія ўдары. Мае асабістыя трэнеры таксама дуру далі, што павяліся на гэтую правакацыю. Я вінаваты таксама, што на гэта павёўся. Галоўны трэнер усё ж дасягнуў свайго, сапсаваў мне жыццё. Сумятню ж падняў, маўляў, я не выступаў на рэспубліцы. Ён да канца ж душыў мяне гэтымі смярдзючымі спаборніцтвамі. Не па розуме гэта ўсё было зроблена”.

Андрэй апісвае, што калі нага сагнутая, то гэта прыводзіць да “рэзкага электрычнага паколвання”. Пытаемся, ці не завяжа ён цяпер са спортам.

Андрэй Арамнаў: “Калі атрымаў траўму на спартакіядзе, урач, кандыдат навук, адразу сказаў, што патрэбна 60 дзён для ўзнаўлення. І на гэты раз усё будзе нармальна. Валокны ўзновяцца. Таму я — цалкам здаровы спартсмен, у параўнанні са многімі іншымі, якія зрабіліся інвалідамі”.

Штангісту, пасля таго як у суботу здарыўся разрыў мышцы, параілі тут жа ехаць да чыноўнікаў і тлумачыць сітуацыю. Але Арамнаў не збіраецца спяшацца: наадварот, хоча прыгледзецца, ці зменіцца да яго стаўленне. Тады і зробіць высновы наконт будучыні.

Андрэй Арамнаў: Затое я зараз акунуся ў нармальнае чалавечае жыццё. Без розных эйфарыяў. Цяпер я павінен стаць на сапраўдныя ногі, а не быць на штучнай падстаўцы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі