Баранавіцкім вуліцам хочуць надаць імёны герояў-лётчыкаў
Жыхары горада паўтара месяца збіралі подпісы пад гэтай прапановай.
Ініцыятаркай кампаніі стала пенсіянерка Ганна Аніскевіч, паведамляе сайт varuta.info. Пад грамадскай ініцыятывай "Баранавіцкім вуліцам — імёны герояў нашага часу" падпісаліся 757 жыхароў горада.
Жыхары Баранавічаў прапануюць перайменаваць вуліцы Войкава, Арджанікідзэ і Свярдлова. Ім прапануюць надаць імёны лётчыкаў Уладзіміра Карвата, Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча. Нагадаем, што Уладзімір Карват загінуў у 1996 годзе падчас вучэнняў недалёка ад Баранавічаў. Лётчыкі Баранавіцкай авіябазы Марфіцкі і Жураўлевіч загінулі на авіяшоў у Польшчы ў 2009 годзе.