Беларусь на чэмпіянаце Еўропы перамагла Ісландыю, на чарзе — Данія
З гэтай перамогі моладзевая зборная краіны пачала фінальны турнір футбольнага Еўра-2011 у Даніі, на які сабраліся 8 найлепшых каманд Старога свету.
Лік матчу з ісландцамі — 2:0. Першы тайм прайшоў у малацікавай гульні, абедзве каманды імкнуліся захаваць у недатыкальнасці свае брамы і мала атакавалі. Абодва мячы беларусы забілі ў другім тайме. Спачатку за знос у штрафной Станіслава Драгуна на 77-й хвіліне быў прызначаны пенальці і Андрэй Варанкоў яго рэалізаваў, а другі гол забіў Максім Скавыш на 87-й хвіліне.
У іншым матчы нашай групы Швейцарыя выйграла ў Даніі з лікам 1:0.
У аўторак каманда Георгія Кандрацьева гуляе з датчанамі.