Беларускі гурт "Верасы" парушыў украінскае заканадаўства
Гурт быў заўважаны ў агітацыі за кандыдата ў дэпутата Вярхоўнай рады Украіны, мільянера Сцяпана Івахіва.
Як паведамляе volynpost.com, беларускі гурт выступіў з канцэртам у падтрымку праўладнага кандыдата ў дэпутаты. Акрамя таго, беларусы адкрытым тэкстам агітавалі за Івахіва, капітал якога ацэньваецца ў больш як 300 мільёнаў долараў. Адзначым, што агітацыя замежнымі грамадзянамі за кандыдатаў у дэпутаты ва Украіне забаронена.
Спецыялісты ацэньваюць, што на сваю перадвыбарчую кампанію Івахіў, якога падтрымлівае "Партыя рэгіёнаў", выдаткаваў каля 5 мільёнаў долараў.
Цікава і тое, што галоўным канкурэнтам Івахіва на выбарчай акрузе з'яўляецца прадстаўнік аб'яднанай апазіцыі Ігар Гузь. Беларускай дэмакратычнай грамадскасці палітык добра вядомы. Напрыклад у 2005 годзе Ігар Гузь быў затрыманы на Чарнобыльскім шляху ў Мінску, асуджаны да 10 сутак арышту, а пасля дэпартаваны з Беларусі.