Фантастычны матч у Белградзе: "Црвена Звезда" — "Нафтан" — 3:3 (відэа)
У чацвер прайшлі матчы 2-га кваліфікацыйнага этапа футбольнай Лігі Еўропы.
Наваполацкі "Нафтан" зноў здзівіў. Нагадаем, першы матч скончыўся з лікам 4:3 на карысць сербскай каманды. У другім матчы "Црвена Звезда" ўжо на 15-й хвіліне выйгравала з лікам 2:0. Аднак "Нафтан" здолеў не толькі зраўняць лік, але і выйсці наперад! І гэта пры тым, што ад 68-й хвіліны "Нафтан" гуляў у меншасці (быў выдалены Букаткін).
На жаль, на 90-й хвіліне гаспадары поля лік зраўнялі. Такім чынам, беларускай камандзе не хапіла аднаго гола, каб перавесці гульню ў дадатковы час. У 3-ці раўнд выйшла каманда з Белграда.
"Гомель" прымаў македонскую "Рэнову" і прайграў з лікам 0:1. Аднак у першым матчы беларусы выйгралі ў гасцях з лікам 2:0, таму і крочаць далей. 2 жніўня ў матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы "Гомель" прымае знакаміты "Ліверпуль".
Салігорскі "Шахцёр" у гасцях згуляў унічыю 0:0 з аўстрыйскім "Рыдам". Першы матч скончыўся таксама ўнічыю — 1:1. За кошт гола, забітага ў Салігорску, далей крочаць аўстрыйцы.