БХД заклікае да байкоту выбараў, але пратэсты арганізоўваць не будзе
Ад байкатавання выбараў хрысціянскія дэмакраты не адмовяцца нават калі выпусцяць усіх палітвязняў.
“З 25 сакавіка мы пачынаем актыўную кампанію байкоту. Правільнасць выбару гэтай стратэгіі пацвярджае жыццё. Як мы бачым, зараз Еўрасаюз далучыўся да кампаніі байкоту. Амбасадары краін-удзельніц ЕС адазваныя, узровень дыпламатычных адносінаў паніжаны”, -- расказвае журналістам сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Прычыны байкоту простыя і нават банальныя – у краіне па-ранейшаму ёсць палітвязні, няма свабоды слова, а выбарчае заканадаўства выклікае шмат нараканняў. У БХД упэўненыя, што ніякіх зменаў у лепшы бок да выбараў ужо не адбудзецца. І нават калі выпусцяць палітвязняў, хрысціянскія дэмакраты ўсё адно будуць байкатаваць. Бо выбары ў Беларусі – гэта амаральна, лічыць лідар моладзі БХД Марына Хаміч.
Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хаміч.
“Шлях у “палатку” (Палата прадстаўнікоў -- Еўрарадыё) – гэта амаральны шлях, шлях на падтрымку рэжыму і супрацоўніцтва з ім. Мы проста не можам павесці людзей гэтым шляхам”.
Байкот БХД прадугледжвае актыўны. То бок, замест агітацыі за сваіх кандыдатаў, хрысціянскія дэмакраты будуць агітаваць супраць выбараў. Сёлета абяцаюць новыя віды агітацыі. Галоўным чынам – праз інтэрнэт.
“На гэты раз мы будзем выкарыстоўваць не толькі традыцыйную агітацыю. Не толькі абыход кватэраў, раскідку ўлётак, пікеты, размовы з грамадзянамі. Будзе выкарыстаны інтэрнэт, актыўная праца будзе праведзеная. Яе эфектыўнасць паказалі выбары ў Расіі, высокая актыўнасць беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў”.
А вось паслявыбарных пратэстаў БХД арганізоўваць не плануе. Віталь Рымашэўскі кажа, што гэтага рабіць… папросту не трэба.
“Як паказвае практыка, людзям, каб выказаць свой пратэст, не патрэбная арганізацыя з боку палітычных лідараў. Адназначна, што такое права павінна быць забяспечанае. Пратэсты будуць. Наколькі масавыя – пакажа час”.
Доўга чакаць не прыйдзецца. Хоць дакладная дата парламенцкіх выбараў у Беларусі пакуль невядомая, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абяцала правесці іх у верасні-кастрычніку.