Брэсцкія ўлады не хочуць “крокаў у Еўропу”
Актывістам кампаніі “Гавары праўду!” адмоўлена ў правядзенні серыі пікетаў у рамках праграмы “Крок у Еўропу”.
Такое рашэнне прыняў Брэсцкі гарадскі камітэт. Правядзенне мерапрыемстваў планавалася ў цэнтры горада на пешаходнай вуліцы Савецкая. Заяўнікамі пікетаў выступалі Уладзімір Вуек, Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс.
Падставай для адмовы паслужыла тое, што пікет хацелі правесці ў не прызначаным для акцыяў месцы. Таксама арганізатары нібыта павінны былі прыкласці дамову і правесці аплату па ёй.
Мэта пікетаў — прыцягнуць увагу грамадскасці і органаў улады да неабходнасці хутчэйшай ратыфікацыі Беларуссю і ўступлення ў сілу закона аб прыгранічным руху.
“На сённяшні момант сабрана больш за 2000 подпісаў грамадзян пад зваротамі ў гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў. У нас цяплілася надзея, што рашэнне дадзенай праблемы ў інтарэсах не толькі гараджан, жыхароў 50-ці кіламетровай зоны, але і ўладаў, якія зацікаўлены ў прыцягненні інвестыцый у наш рэгіён. Але выканаўчы камітэт вырашыў, што гэта не ў інтарэсах дзяржаўнай улады”, — пракаментавала Ганна Канюс.