Былы віцэ-прэзідэнт НАК атрымліваў заробак больш за кіраўніка Беларусі

Кіраўнік краіны (і па сумяшчальніцтве прэзідэнт НАК) запатрабаваў змагацца з карупцыяй у сферы спорту. Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, папярэдняе кіраўніцтва НАК было заўважанае ў розных правінах — "ад асабістай нясціпласці да прамога парушэння заканадаўства". Лукашэнка таксама заявіў: "Вызвалены віцэ-прэзідэнт НАК атрымліваў заробак, роўны прэзідэнцкаму, а часам і вышэйшы. У прадстаўніцтвах НАК мелі такі заробак, што сорамна называць. Больш за тое, некаторыя кінуліся ўладжваць свае асабістыя пытанні за кошт НАК і дзяржавы".

Лукашэнка загадаў прывязаць прыбыткі кіраўнікоў і работнікаў апарата НАК да ўзроўню Міністэрства спорту і турызму.

Заўвагі кіраўніка краіны падтрымаў старшыня Камітэта Дзяржкантролю Аляксандр Якабсон. Па яго словах, у НАК, Міністэрстве спорту і турызму і цэлым шэрагу спартовых арганізацый выяўленыя праблемы і недапушчальныя парушэнні, у тым ліку ў выдаткоўванні сродкаў. "Апарат НАК празмерна захапіўся павышэннем свайго ўтрымання і дабрабыту, не забяспечваючы належным чынам рашэнне галоўнай вызначанай Статутам задачы — развіцця алімпійскага руху і беларускага спорту", — адзначыў Якабсон.

Па яго словах, грошы ішлі не на спартовыя мэты, бухгалтарскі ўлік не вёўся. Калі ў 2010 годзе выдаткі на ўтрыманне апарата НАК складалі меней за траціну ад усёй сумы выдаткаў, то за дзевяць месяцаў гэтага года яны склалі амаль палову. КДК выявіў факты неэфектыўнага выкарыстання кватэраў, якія лічацца на балансе апарата НАК.

Фота — belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі