Ці можна звар'яцець ад “перадвыбарнага” тэлеэфіру?

Два дні жыхарка Баранавічаў босая хадзіла па пад'ездзе і заклікала ўсіх сустрэчных купляць беларускае. А калі яна пачала пытацца ў людзей, ці ведаюць яны, што “яе бацька — Лукаш”, жыхары дома выклікалі “хуткую”... Суседзі мяркуюць, што жанчына звар’яцела ад “перадвыбарнага” эфіру: улюбёным яе заняткам было глядзець тэлевізар, піша “Салідарнасць”.

Адмыслоўцы з мінскага Гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера, вядомага ў народзе як “Бехцерава”, каментуюць магчымасць “выбарчага” неўрозу вельмі асцярожна: 

“Заўжды нервовыя людзі рэагуюць на пэўныя змены ў наваколлі. Гэта сезонныя рытмы, гэта пэўныя стрэсавыя сітуацыі. Звычайна, калі па тэлевізары што-небудзь адбываецца — напрыклад, у краіне — людзі пачынаюць нервавацца”.

Але на Бехцерава апошнім часам нейкага надзвычайнага наплыву “кліентаў” няма:

“Мы такога не адзначалі. Абвастрэнне псіхічных хваляванняў звычайна адбываецца ў вясновы і восеньскі час”.

Тое самае канстатуюць і псіхіятры ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках:

“Я кансультую да 10% ад тых, хто да нас паступае. Дык вось, наадварот зараз паступленні чамусьці зніжаюцца. Па нашых звестках, гэта звычайна для другой паловы снежня. І далей: пераходзяць з 31 снежня на 1 студзеня нашмат менш, чым, напрыклад, з 28 лютага на 1 сакавіка і гэтак далей”.

На Новы год у Навінках дык і ўвогуле будзе прасторна:

“У нас 1780 ложкаў. А пяройдзе на наступны, 2011 год, недзе каля 1300-1350 чалавек. У звычайныя месяцы такога не бывае”.

Па словах псіхіятраў, “падхапіць” псіхалагічнае захворванне ад тэлеэфіру немагчыма. Ён можа хіба што падштурхнуць чалавека ў той бок, куды ён ужо каціцца сам:

“Тэлевізар мае ўмоўнае значэнне. Раней мела такое ж значэнне нячыстая сіла, ведзьмы... Фабула псіхічнага хвалявання з развіццём грамадства змяняецца. Але выклікае захворванне не тэлевізар. Шкода ад доўгага прагляду — хіба што ператамленне. Але не больш за тое”,
 — распавялі нам у Навінках.

“Памежныя ёсць паняцці. Ёсць сур’ёзная, вялікая псіхіятрыя, а ёсць памежныя , то бок неўрозы, — дадалі на Бехцерава Можа пагаршацца адчуванне людзей, якія ад неўрозаў пакутуюць і жыва рэагуюць на стрэсавыя сітуацыі. Але так, каб свята... На свята, наадварот, яны расслабляюцца, атрымліваюць асалоду. Нават у нас не хочуць лячыцца”.

І нават псіхіятры ў Навінках ведаюць, што бліжэйшае свята ў беларускага народа — гэта выбары прэзідэнта
Псіхіятр з Навінак: “Ну дык са святам вас!”
Еўрарадыё: Дык два тыдні яшчэ!
Псіхіятр з Навінак: “Я маю на ўвазе дзень выбараў!”
Еўрарадыё: "Дарэчы, а ў сувязі з выбарамі да вас нікога апошнім часам не прывозілі?"
Псіхіятр з Навінак: “Не! А калі б і было, дык мы б вам не сказалі...”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі