Clover Club і Sang Sattawood сумесна прэзентавалі свае дэбютнікі

120413 Malina Republick.mp3

Адразу два моцныя прадстаўнікі беларускай "новай хвалі", прэзентавалі свае дэбютныя альбомы. Канцэрт гуртоў Sang Sattawood ды Clover Club праходзіў у клубе Re:Public, прычым, уваход быў вольным. Натуральна, гэты факт моцна паўплываў на колькасць наведвальнікаў. Пасля канцэрту музыкі прызналіся, што былі вельмі здзіўленыя аншлагу і наўрад ці здолелі б сабраць хоць палову залы па квітках.

Не гледзячы на тое, што натоўп быў абсалютна разнамасным (ад готаў да хіпстэраў), пад сцэнаў за ўсе дзве гадзіны ніколі не было вольнага месца. Нават, падчас прэзентацыі альбома "Tree" гаражна-блюз-рокерскага гурта Sang Sattawood, якія граюць зусім не танцавальную музыку. З гэтай прычыны музыкі гурта, нават, "падстрахаваліся" і запусцілі фільм Жана-Люка Гадара “Bande a part”, каб ніхто не сумаваў падчас іх выступу.

"Кіно наша ніхто не глядзеў, што радуе, бо ўсе глядзелі на нас, - дзеліцца ўражаннямі вакалістка Sang Sattawood Каця Усава адразу пасля выступу. - Кіно было менавіта для тых, хто не пажадаў бы на слухаць. Я вельмі рада, што ў нас гэта ўсё адбылося, я вельмі рада, што некаторыя людзі нас прыспешвалі. Інакш, цалкам магчыма, што прэзентацыі не было б увогуле. Але ўсё, што я ад яе чакала, усё адбылося!"



Падчас выступу Sang Sattawood знайшліся, нават, аматары стэйдж-дайвінгу, якія ўвесь час высковалі на сцэну закрываючы сабой вакалістку. Праўда, гэтых "скакуноў" вельмі рэдка падхопліваў натоўп, звычайна людзі ў самы важны момант разыходзіліся. Былі выпадкі, калі яны працягвалі ныраць са сцэны нават у паўзах паміж песнямі.

У выніку канцэрт прайшоў без ахвяраў, хіба толькі басісту Clover Club нехта выключыў прымочку ды зламаў акуляры. Але аўтараў аднаго з наймацнейшых дэбютнікаў за апошнія гады, гэта не вельмі засмучала.

"Падаецца, што мы маглі зрабіць больш, - распавядае гітарыст Clover Club Генры. - Нейкія былі пытанні па гуку. Але агулам я задаволены, мы ўсе задаволеныя, хоць нейкія пытанні засталіся. Думаю, што для першага такога буйнога канцэрту, для першай прэзентацыі, усё было добра".



Цалкам магчыма, што менавіта з-за пытанняў да гуку, альбом Clover Club "Random Mood Jukebox", на канцэрце слухаўся зусім не так, як у запісе. Самі музыкі розніцу патлумачыць не здолелі, але яна моцна паўплывала на стаўленне да гурта некаторых наведвальнікаў.

"Я прыйшоў сюды, каб пачуць гэты файны альбом, які мне вельмі спадабаўся, якія я лічу абсалютным здабыткам гэтага году - альбом гурта Clover Club, - каментуе пачутае рэдактар парталу "Тузін гітоў" Сяргей Будкін. - У выніку, я расчараваны, бо песні з яго гучаць зусім інакш у жывым выкананні. Прынамсі, я спадзяюся, што гэта хіба не гурта, бо я ведаю, што яны могуць лепш!"

Выступ Sang Sattawood Сяргей чамусьці ўвогуле вырашыў пакінуць без каментарыяў. А вось клавішнік таксама маладога, але ўжо добра вядомага гурта No Сomment Вand Аляксей Жуковіч наадварот не звярнуў увагі на выступ Clover Club.

"Першы гурт вельмі своеасаблівы, нешта новенькае, я такое ўпершыню чую. Гурт адметны ўжо сваёй арыгінальнасцю, тым, што ў іх доўгія песні, незвычайны склад: гітарыст, бубнач, вакалістка... Сама атмасфера гурта вельмі цікавая, яна акунае, так бы мовіць, усёабдымная".

Што ж тычыцца рэакцыі публікі, то нельга сказаць, што яна неяк адрознівалася ў залежнасці ад выступоўцаў. Хіба толькі пасля Sang Sattawood верхнія паверхі Re:Public крыху апусцелі, бо людзі пацягнуліся скакаць пад сцэнай. Тут варта адзначыць, што найбольш гучныя апладысменты выклікалі ўсё ж каверы класічных рок-хітоў, але абодва калектывы іх багата выконвалі.

Канцэрт скончыўся абсалютна нечакана, але ніякіх бісаў ніхто не патрабаваў. Аматары якаснага року адразу ж пачалі разыходзіцца, падалося, што ніхто нават не абмяркоўваў мерапрыемства паміж сабой.

Дарэчы, абодва дэбютныя альбомы знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце, прычым, Sang Sattawood выклаў свой дыск акурат у дзень прэзентацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі