Давыдзька пра пасаду міністра культуры: З такой пасадай нікога не віншуюць

121122_luka6uk_kultura.mp3

Амаль тыдзень прайшоў пасля адстаўкі Паўла Латушкі, а хто стане новым міністрам культуры, невядома. Хаця чуткі “прызначылі” на гэтую пасаду ўжо некалькі самых “перспектыўных” прэтэндэнтаў. Еўрарадыё праверыла самыя “верныя” з іх.


Хто прыйдзе кіраваць беларускай культурай, пакуль не ведаюць нават у самім Мінкульце. Прынамсі, у гэтым Еўрарадыё ўпэўнівае намеснік міністра Тадэвуш Стружэцкі.


Тадэвуш Стружэцкі: “Спадзяюся, што прыйдзе вопытны чалавек. Нам шкада, канешне, развітвацца з сённяшнім ці ўчорашнім міністрам, бо сапраўды гэтыя гады былі вельмі актыўныя на рэалізацыю шматлікіх цікавых праектаў. Але, безумоўна, Міністэрства культуры (пасля прыходу новага кіраўніка. — Еўрарадыё) захаваецца як орган дзяржаўнага кіравання, спецыялісты, якія там працуюць, — таксама”. 



І спадзяецца, што прыход новага чалавека не прывядзе да змены курсу. Нават калі гэты чалавек будзе збоку. Галоўнае, выказвае надзею намеснік міністра, каб асоба разбіралася ў айчыннай культуры.


Адным з самых верагодных прэтэндэнтаў на пасаду “культурнага” міністра называецца былы акцёр Купалаўскага тэатра, былы дэпутат парламента і сённяшні кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Сам ён такі працяг сваёй кар’еры не разглядае ў якасці верагоднага.


Генадзь Давыдзька: “Адкуль у вас такія чуткі?! Ходзяць — няхай ходзяць, віншаваць не трэба. Тым больш што з такой пасадай нікога не віншуюць”.


І нават, сцвярджае, ніякіх прапаноў заняць гэтую пасаду не было. А чуткі ўпэўніваюць, што кіраўніку БТ калегі ўжо нават развітальны банкет арганізоўвалі.


Расійскае выданне “Газета.ru” ідзе яшчэ далей і называе ў якасці найбольш верагоднага пераемніка Латушкі “аднаго з галоўных ідэолагаў беларускай улады, галоўнага рэдактара часопіса “Беларуская думка” Вадзіма Гігіна”. Сам “адзін з галоўных ідэолагаў” ажно сумеўся ад такой верагоднасці.


Вадзім Гігін: “Сёння што — 1 красавіка?! Гэта сведчыць пра тое, што ў Маскве гэтак жа мала разбіраюцца ў справах краін СНД, як і раней. Ну, што можна сказаць? Значыцца, яны нічога не ведаюць пра тое, што адбываецца ў Мінску. Можа, гэта і добра”.


Праўда, адказваць на пытанне, ці былі прапановы заняць пасаду міністра культуры, Вадзім Гігін адмаўляецца.


Трэцім самым верагодным прэтэндэнтам называюць рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыса Святлова. Сам рэктар — чалавек няўлоўны — некалькі дзён, паводле слоў сакратаркі, пастаянна на нейкіх нарадах, сустрэчах ды іншых мерапрыемствах. Тым не менш падначаленыя рэктара ўпэўніваюць Еўрарадыё, што нічога пра сыход у міністры Святлова не чулі і не развітваліся з ім у нефармальных умовах.


Хаця, вядома, гэта не ўсе прэтэндэнты на пасаду міністра культуры. Застаецца яшчэ шмат генералаў у краіне.

Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net, vetka.by, http://www.buk.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі