"Для пасадкі ў цягнік прад'яўляем пашпарты і падпісваемся за Някляева!"
Ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева збірала подпісы ў пасажыраў цягніка Варшава — Мінск у пятніцу ўвечары.
Рэакцыя людзей была палярна рознай: ад "А хто гэта такі?" да "Канешне падпішуся, чаго мне баяцца?". Таксама ў топ фраз, пачутых карэспандэнтам Еўрарадыё, можна смела аднесці: "Я яго ня ведаю, мы такіх пісьменнікаў у школе не вывучалі!" , а таксама "Вось зараз я падпішуся, а потым у мяне будуць на мяжы праблемы!".
У
выніку ўдалося сабраць з паўтара дзесятка подпісаў з чатырох беларускіх
вагонаў — людзей ехала на дзіва няшмат. Актывіст Васіль з усіх сіл
спрабаваў разварушыць і выцягнуць з пашпартам на перон нават тых, хто
ўжо сядзеў у вагоне і чакаў адпраўлення цягніка. Правадніцы падпісвацца
адмаўляліся, а начальнік цягніка пацікавіўся, што адбываецца, але
працэсу не перашкаджаў. Прасіліся падпісацца нават палякі, якія ехалі на
гэтым цягніку, але, натуральна, не змаглі і горача жадалі кандыдату
поспехаў.