Дзіянаў: Калі ідэя ідзе на спад, людзям патрэбныя лідары
Таму ў сітуацыі, калі парламент неўзабаве можа забараніць людзям "масавую прысутнасць", РПСС звярнулася па дапамогу да беларускіх апазіцыянераў.
Адзін з адміністратараў групы “вКонтакте” “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” Вячаслаў Дзіянаў праз інтэрнэт-СМІ выступіў з адкрытым лістом да лідараў беларускай апазіцыі, грамадскіх актывістаў і проста неабыякавых грамадзян. Ён просіць аб дапамозе і прапаноўвае дыялог і сумесную працу. Еўрарадыё пагутарыла з адміністратарам РПСС пра далейшы лёс “маўклівых” рэвалюцыяў.
Еўрарадыё: Савет міністраў падрыхтаваў змены ў Законе “Аб масавых мерапрыемствах”. Урад прапануе атрымліваць дазвол “на масавую прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы” (у тым ліку пад адкрытым небам) і ў пэўны час “для здзяйснення загадзя вызначаных дзеянняў ці бяздзеяння, арганізаваную (у тым ліку праз глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту”. Ці гэтыя змены ў заканадаўстве зменяць таксама фармат маўклівых акцыяў пратэсту?
Вячаслаў Дзіянаў: “Як ні напішы ў законе, усё роўна ніхто не зможа забараніць людзям проста збірацца ў нейкім месцы і проста знаходзіцца там, бо гэта элементарныя правы грамадзянаў знаходзіцца там, на той тэрыторыі, дзе яны хочуць. Сказаць, удзельнічаюць яны ў акцыі або не, ніхто не можа.
Калі трэба будзе некаму браць на сябе адказнасць, хто арганізоўвае, то гэтую адказнасць на сябе возьме інтэрнэт, які ёсць безаблічным. Хай улады шукаюць адказных у арганізацыі сацыяльных сетак у інтэрнэце”.
Еўрарадыё: Вы не думаеце, што такім чынам будуць пакутаваць удзельнікі акцыяў, бо з’явіцца заканадаўчая падстава, па якой іх можна будзе асудзіць?
Вячаслаў Дзіянаў: “Калі судзіць у глабальным плане, дык у нас Парламент фактычна нелегітымны, іх законы, якія яны зацвярджаюць, яны таксама нелегітымныя. Ды і ўсе роўна да гэтага знаходзілі “законную” прычыну – судзілі людзей за лаянку”.
Еўрарадыё: Гэта толькі спроба запужаць, на вашую думку?
Вячаслаў Дзіянаў: “Так”.
Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што вы просіце дапамогі ў апазіцыйных палітыкаў, каб яны параілі, што рабіць далей з “маўклівымі” акцыямі пратэсту. Ад каго вы чакаеце дапамогі?
Вячаслаў Дзіянаў: “Будзем чакаць, хто адгукнецца. На гэты раз мы цалкам адкрытыя і будзем старацца разам каардынавацца. Калі ідэя ідзе на спад, людзям патрэбныя лідары, у першую чаргу. І яны патрэбны нам”.