Дзмітрый Ус на волі (першае інтэрв'ю, фота і відэа)
Былы палітвязень ужо дома. Нягледзячы на вялікі ціск, Ус не пісаў прашэння аб памілаванні і лічыць, што хутка ўсе палітвязні выйдуць на свабоду.
Увечары суботы стала вядома, што экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус выпушчаны на свабоду. Ён сам пазваніў жонцы і паведаміў аб гэтым.
Дзмітрыя вызвалілі каля 19-ай гадзіны з СІЗА на Валадарскага. Проста загадалі збіраць рэчы і паказалі дакументы аб памілаванні. Экс-кандыдат не пісаў прашэнняў Лукашэнку.
Чытайце на нашым сайце першае інтэрв'ю пасля вызвалення.
Нагадаем, што Дзмітрый Ус быў асуджаны па справе аб 19 снежня за арганізацыю масавых беспарадкаў. Ён атрымаў пяць з паловай гадоў калоніі.
У сваім першым пасля вызвалення інтэрв’ю, Дзмітрый Ус расказаў журналістам пра ціск у калоніі, адносіны з іншымі зняволенымі і планах на будучыню.
Гаворачы пра стаўленне адміністрацыі ужо былы палітвязень адзначаў жаданне уладаў атрымаць ад яго прашэнне аб памілаванні:
“Калі я быў у калоніі, быў такі выпадак, што мне па тэрміне было дазволенае вялікае спатканне. Адзін начальнік гаворыць, што трое сутак. А потым на наступны дзен выклікае іншы начальнік і кажа, што мне толькі суткі. Пытаю, на якой падставе – кажа, што я паперы не падпісваю. Такім чынам кіраўніцтва калоніі абмежавала мне спатканне. Сказалі, калі я падпішу паперы. Такім шантажом дробным спрабавалі ціснуць. Стваралі умовы, калі зэкі вялі сябе неадэкватна. З выклікам. Рабілі знаходжанне ў калоніі немагчымым… Сістэма гэтая ламае людзей”.
На фота -- жонка Яўгенія дапамагае апрануць турэмную робу.
Дзмітрыю абмежавалі магчымасць кантактаваць з іншымі асуджанымі.
“Я жыў у асобным сектары. За мной сачылі пяць чалавек. Мяне асобна трымалі. Таму не магу сказаць, ці ёсць там нармальныя людзі. У асноўным там сядзяць людзі за фінансавыя злачынствы – незаконная дзейнасць, хабар. Пасля гэтага ўжо самы распаўсюджаны артыкул -- наркотыкі”.
Самымі цяжкімі для Дзмітрыя Уса былі першыя дні зняволення ў СІЗА на Валадарскага. Аднак ён кажа, што рыхтаваўся менавіта да гэтага.
“Першыя дні на Валадарцы былі самымі цяжкімі. Там псіхічна цяжка – закрытая прастора. Увесь час там знаходзіцца цяжка. Але я калі браў сумку, то ўжо не думаў, што застануся на волі. Бзік у важдзя адбыўся”.
Вось гэтыя рукі плялі на зоне гамакі.
Сваё вызваленне экс-кандыдат у прэзідэнты звязвае з ціскам Захаду. Ён лічыць, што хутка ўлады выпусцяць і іншых палітвязняў.
“Магу сказаць, што вызваленне звязана з Еўропай, з ЗША. Пад іх ціскам ён быў вымушаны нас выпусціць. Думаю, што і Саннікава і Статкевіча выпусцяць у бліжэйшы час. Апошнімі будуць Бандарэнка і Саннікаў. Магчыма – Дашкевіч. З тых, хто сядзіць у калоніях”.
Былога кандыдата ў прэзідэнты ў калоніі забяспечылі працай. Нягледзячы на тое, што яе хапала далёка не на ўсіх.
“У мяне рэжым дня быў. Праца. Я гамакі плёў. Гамак каштаваў для мяне 1300 рублёў. Мне столькі плацілі. У продажы ўжо 50 тысяч. Заробак зэка 60-75 тысяч. 75% мы ім кампенсавалі за тое, што знаходзіліся ў іх у калоніі. З 750 чалавек у калоніі працавала толькі 200… Адміністрацыя не можа забяспечыць працай людзей. Але мне чамусці знайшлі. Думаю, што вождзь загадаў”
Знаходзіўся час і на забавы. У першую чаргу гэта былі шахматы, кнігі і адукацыя.
“У калоніі я ў шахматы гуляў. З адвакатам адным… Збольшага я выйграваў. Акрамя гэтага англійскай займаўся, прачытаў дзве кніжкі. “Пятра Першага” перачытаў. “Адмірала Нельсана” чытаў. Спортам займаўся трохі для сябе. Час хутка праходзіў.”
У будучыні Дзмітрый Ус з палітыкі сыходзіць не збіраецца. Ужо ў наступным годзе ён будзе балатавацца ў дэпутаты і перакананы, што пры свабодных выбарах абавязкова пераможа.
“Да наступных выбараў трэба дажыць. А што ў Нацыянальны сход ў наступным годзе пайду – гэта сто працэнтаў. Па сваёй акрузе… Я спадзяюся, што ў наступным годзе я буду балатавацца кандыдатам у дэпутаты. І ўжо не будзе гэтых махінацый. Будзе сапраўдны падлік бюлетэняў. У такім выпадку я на сто адсоткаў стану дэпутатам”.
Фота Еўрарадыё.