Электронную версію падручнікаў школьнікам выдадуць за даведку аб хваробе?
Ва Украіне падручнікі можна спампаваць на сайце Міністэрства адукацыі і навукі, а ў Польшчы для іх ствараюць асобную старонку.
120830 Martynovi4 Padru4niki.mp3
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч падчас он-лайн канферэнцыі ўпэўнівае, што ў школе можна карыстацца электроннымі падручнікамі. Маці хворага на скаліёз вучня, міністр раіць звярнуцца ў Інстытут адукацыі.
Сяргей Маскевіч: “Магчымасць карыстацца электроннымі падручнікамі ёсць. Можна звярнуцца ў Інстытут адукацыі, дзе пракансультуюць па гэтым пытанні”.
Еўрарадыё таксама вырашыла спампаваць падручнікі сабе ў рыдэр. Але ў Інстытуце адукацыі нас расчароўваюць:
“Электронная версія падручніка — гэта інтэлектуальная ўласнасць аўтара. Распрацоўваем палажэнне, калі па асобай заяве, з даведкай, якая ёсць у дзіцяці… там цэлае палажэнне, каб дапамагчы гэтым дзецям”, - тлумачаць у Інстытуце адукацыі.
Падручнік можна атрымаць толькі за даведку… аб скаліёзе?
Як даведалася Еўрарадыё, пакуль у міністра не спыталі пра электронныя падручнікі, у інстытуце пра такое і не думалі. Абяцаюць хутка вырашыць пытанне. Але да пачатку заняткаў у школе засталося пару дзён.
У адміністрацыі 212 сталічнай школы вучня, які прыйдзе з рыдэрам замест падручніка не выганяць.
“Што тут асаблівага? Мы патрабуем, каб падручнікі ў школу насілі, але калі ў яго будзе ў электронным выглядзе, то навошта насіць? Не бачу тут праблемы”, - расказвае супрацоўніца школы 212.
Ва Украінскім міністэрстве адукацыі абяцаюць, што электронныя версіі новых падручнікаў будуць з’яўляцца на сайце. З гэтага году — кнігі для першакласнікаў.
Прэс-служба міністэрства: “Новыя падручнікі, якія будуць выходзіць можна будзе спампоўваць. Яны будуць на сайце Міністэрства адукацыі і Інстытута інавацыйных тэхналогій”.
На сайце Інстытута інавацыйных тэхналогій Еўрарадыё сапраўды знаходзіць камплект падручнікаў за 10 клас… у электронным выглядзе. Спампаваць — бясплатна!
У Польшчы па рыдэрах будуць вучыцца 402 школы з гэтага году.
Для падручнікаў тут ствараюць адмысловы сайт. Але і ў іншых школах карыстацца рыдэрамі дазваляюць.
Супрацоўніца Міністэрства адукацыі Польшчы: “Вядома, могуць карыстацца, калі маюць рыдэры. З гэтага года ўводзім тэставую сістэму “Лічбавая школа”. Вучні 402 польскіх школ атрымаюць такія рыдэры для карыстання на занятках. А праз два года праект будзе рэалізаваны ва ўсіх польскіх школах”.
Падручнікі для беларускіх школьнікаў сёлета каштуюць ад 14 да 52 тысяч за год карыстання. На электронныя версіі кошт... не прызначылі.
Фота: solutions.rusnano.com