Фатограф: У мяне фінгал пад вокам і кроў на твары засталася

120918_luka6uk_zatrymanne.mp3

Затрыманнямі журналістаў і актывістаў моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду!” завяршыўся пікет каля сталічнага ўніверсама “Фрунзенскі”. Як паведамляе Еўрарадыё фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц, затрыманне праходзіла брутальна.


Сяргей Грыц: “Мяне ўдарылі кулаком проста па акулярах у правае вока. Пасля гэтага ўсіх закінулі ў аўтобус — не прадстаўляючыся, без тлумачэнняў. Пасля — адвезлі ва Фрунзенскі РУУС, дзе забралі апаратуру, а нас адвялі ў актавую залу. Усю апаратуру склалі на стол, а нас гадзіны дзве вадзілі па розных кабінетах. Але ніхто ні пра што не пытаўся, і праз дзве гадзіны адпусцілі. У апаратуры здымкі знішчаныя — флэшкі адфарматаваныя”.


Паводле слоў журналіста, актывісты планавалі падчас пікета заклікаць да байкоту выбараў, адначасова частуючы мінакоў баршчом. Але пікет нават не паспеў пачацца. Згодна са сведчаннямі відавочцаў, “зменаўцы” паспелі толькі паставіць агітшыльду і каструлю з баршчом. Фатограф Уладзімір Грыдзін адзначае, што затрымлівалі журналістаў і пікетоўцаў супрацоўнікі АМАП у цывільным — ён пазнаў аднаго з нападнікаў.


Уладзімір Грыдзін: “Гэта былі супрацоўнікі спезназа — я аднаго пазнаў”.


Журналістаў выпусцілі з пастарунка праз дзве гадзіны пасля затрымання. Але пра актывістаў “Гавары праўду!” ніякай інфармацыі няма. Больш за тое, распавядае лідар кампаніі Уладзімір Някляеў, невядома, дзе яны знаходзяцца. “Праўдаўцы” ездзяць па розных РУУС, але паўсюль ім кажуць, што затрыманых Паўла Вінаградава і Аляксандра Арцыбашава, Ягора Вінярскага і Ганны Курловіч няма.


Магчымыя абвінавачанні, што актывісты выйшлі на “нелегальны” пікет, Някляеў абвяргае.


Уладзімір Някляеў: “Хлопцы выйшлі на байкотны пікет, а байкотны пікет не з’яўляецца пікетам нелегальным. У Выбарчым кодэксе прапісана права на байкот, як і на ўдзел у выбарах. Абвінаваціць іх у тым, што яны нелегальныя, нельга яшчэ з той прычыны, што на гэтым пікеце быў кандыдат у дэпутаты Арцём Лява”.


Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сцвярджае, што міліцыянты парушылі не толькі Закон “Аб СМІ”.


Андрэй Бастунец: “Згодна з артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса, перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў, якія суправаджаюцца ціскам на іх — гэта можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць”.


Сяргей Грыц выйшаў з пастарунка з падбітым вокам і ў крыві. Па яго словах, ён адразу накіроўваецца здымаць сляды збіцця. Між тым кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі сцвярджае, што журналістаў не затрымлівалі — у іх “праверылі дакументы, акрэдытацыі, высветлілі асобы і адпусцілі”. Фінгал Грыца міліцыянты ніяк не каментуюць.

Фота: baj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі