Глеб: глядзіш футбол, хочацца кінуць мыліцы і — на поле!
Аляксандр Глеб зараз перасоўваецца па Мінску на мыліцах, бо не можа наступаць на траўмаваную нагу.
Па словах футбаліста, гэта яму цяжка і нязвыкла. Каб не замыкацца, Аляксандр увесь час куды-небудзь выбіраецца.
“Хочацца з кімсьці пагаварыць. Усё ж такі ў такую спякоту сядзець дома — гэта злачынства. Стараюся выбірацца ў горад, сустракацца з сябрамі, пасядзець на тэрасе, папіць кавы ці на прыроду”.
Як даведалася Еўрарадыё, траўма Глеба патрабуе спецыфічных прэпаратаў. У Беларусі такія ёсць толькі ў БАТЭ, і старшыня праўлення барысаўскага клуба Анатоль Капскі спрабаваў забяспечыць імі Глеба.
Аб трэніроўках гаворкі зараз нават не ідзе. Па словах агента футбаліста Мікалая Шпілеўскага, адмовіцца ад мыліцаў Аляксандр зможа не раней, чым у канцы наступнага месяца.
Шпілеўскі: “Спецыфіка анатамічных траўмаў такая, што трэба на 2-3 месяцы ўзяць паўзу. Так кажуць і лекары. Трэба нагружацца спецыфічнымі практыкаваннямі, што Аляксандр Глеб і робіць. Займацца можна будзе не раней пачатку жніўня”.
Далейшы лёс футбаліста ў хуткім часе вызначаць лекары з Барселоны, куды Глеб вылятае 22 чэрвеня.
Шпілеўскі: “У Барселоне лекары яшчэ раз правядуць абследаванне, пасля якога стане зразумела далейшая рэабілітацыя, будзе яна ў Барселоне ці ў Нямеччыне”.
Сам футбаліст кажа, што пакрыху ўзнаўляецца. Калі назірае нейкі матч, узнікае жаданне далучыцца.
Глеб: “Мне патрэбны пакой, нельга згінаць нагу. Усё залежыць ад таго, што скажа лекар Барселоны. Калі глядзіш футбол, самому хочацца кінуць мыліцы і бегчы. Але на дадзены момант не ўсё так проста. Як кажа лекар: “У гэты момант, чым даўжэй, тым лепей”.
Аляксандр Глеб спадзяецца, што праз 4-5 дзён пасля агляду ў Барселоне зможа нарэшце наступаць на нагу.
Фота: ultipes.ru