Інваліды-вазочнікі правялі мітынг у Мінску
Удзел у акцыі на плошчы Бангалор прынялі каля 100 чалавек.
Мітынг быў дазволены Мінгарвыканкамам. Але тым не менш супрацоўнікі міліцыі здымалі яго ўдзельнікаў на відэа, паведамляе БелаПАН. Вазочнікі трымалі плакаты "Аўтамабіль — нашы ногі", "Я жадаю наведаць бацькоў, але там прыступкі", "Мой дом — мая турма". На акцыю таксама прывезлі котку ў клетцы, каля якой паставілі плакат: "У мяне ўсё добра. Я жыву ў клетцы".
Старшыня асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко заявіў, што мітынг не мае палітычнага характару і з'яўляецца знакам салідарнасці інвалідаў-вазочнікаў адзін з адным.
На мітынгу быў прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Інваліды заклікалі кіраўніка дзяржавы забяспечыць іх канстытуцыйныя правы — у прыватнасці, права на годнае жыццё, свабоду перамяшчэння, годнае сацыяльнае забеспячэнне.
Для забеспячэння роўных правоў удзельнікі мітынгу лічаць неабходным чым хутчэйшае далучэнне Беларусі да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў разам з факультатыўным пратаколам да яе.
Фота — nn.by