Каля Горацкай калоніі з'явіўся пікет, міліцыянты разганяюць яго
Грамадскія актывісты трымаюць расцяжку з надпісам "Спыніце пераслед!" і партрэты Змітра Дашкевіча.
Нагадаем, каля 30 чалавек прыехалі да Горацкай калоніі. Яны патрабуюць, каб палітвязню Змітру Дашкевічу далі магчымасць сустрэцца з адвакатам. Кіраўніцтва калоніі заяўляе, што не пусціць адваката, пакуль не будзе адпаведнай заявы ад самога Дашкевіча.
Міліцэйская машына ад уваходу ў калонію з'ехала. У актывістаў пяцёра міліцыянтаў у форме і ў цывільным спрабуюць адабраць расцяжку. Моладзь з расцяжкай села на зямлю. Міліцыянты спрабуюць сцягнуць іх з дарогі. У іх ліку нявеста Дашкевіча Наста Палажанка. Двух хлопцаў валакуць у будынак папраўчай калоніі. Удзельнікі скандуюць "Ганьба!" і спрабуюць адбіць затрыманых.
Жанчынам-удзельніцам удалося адбіць хлопцаў. Здабыткам міліцыянтаў стала толькі расцяжка "Спыніце пераслед!"