Калякін: “Я ўдзячны міліцыі за тое, што паказалі нам Оршу”
Апазіцыянеры займелі добрую магчымасць пазнаёміцца з жыццём правінцыі.
“Я скажу, што там умовы лепшыя значна, чым на Акрэсціна. Там ёсць гарачая вада, там вялікія камеры. Ложкі ёсць. Нас кармілі ў абед. Суддзя дала распараджэнне аб гэтым. І мы пілі кісель з кубкаў, якія зробленыя ў Індыі”, — расказвае лідар АГП Анатоль Лябедзька пра знаёмства з аршанскімі пастарункамі.
Аляксандр Атрошчанкаў, каардынатар "Еўрапейскай Беларусі"
Яго, разам з Сяргеем Калякіным і Аляксандрам Атрошчанкавым знялі з маскоўскага цягніка ў Оршы, абвінавацілі ў наркатрафіку, а праз два дні прысудзілі штраф за лаянку.
Лідар АГП Анатоль Лябедзька
Лябедзька гаворыць, што раней бываў у Оршы, але настолькі блізка з горадам пазнаёміцца не даводзілася. Кіраўнік партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін бываў у Оршы неаднойчы і нават яшчэ ў савецкія часы. Але апошні візіт пакінуў асаблівыя ўражанні. Калякіна праз высокі ціск вазілі па мясцовым бальніцам. Ён гаворыць, што шакаваны іх станам.
“Людзі ў антысанітарных умовах пасля аперацый там ляжаць. Пабелка сыплецца, штукатурка. Сцены трэснулі, усё іншае. Чорныя ванны стаяць у прыёмным пакоі, дзе там прымаюць гэтых людзей. Гэта ж жахліва! А ў той жа час грошы ўкладаюцца ў іншыя праекты — у тым ліку ва ўтрыманне апарата чыноўнікаў і сілавікоў”.
Яшчэ больш апазіцыянераў хвалюе адсутнасць у іх пашпартоў. Атрошчанкаў, Лябедзька і Калякін напісалі заявы ў міліцыю аб знікненні дакументаў і зараз чакаюць афіцыйнага адказу. Гавораць, што немагчымасць выязджаць за мяжу на дзейнасць іх партыі не паўплывае. Усё зараз можна вырашыць з дапамогай скайпа і электроннай пошты.
“Мы жывем у час інтэрнэта і сёння можна ўвогуле нікуды не выязджаць. На прэс-канферэнцыі, навуковыя сімпозіумы і ўсё іншае. Мець сувязь з усім светам, з любым міжнародным органам. У цяперашні час гэта дзікасць і дзіцячы сад. Людзі, якія гэта робяць, проста самі слаба разумеюць, якіх мэтаў яны хочуць дасягнуць. Працуюць супраць сябе”.
Знікненне пашпартоў — не адзіная бяда невыязных апазіцыянераў. Сяргей Калякін расказаў, што праз гэтую гісторыю кожны з іх згубіў па 7 мільёнаў рублёў на квітках. Хто можа кампенсаваць гэтую шкоду — невядома.