Карл Більт: Ствараць атмасферу страху — не спосаб кіраваць краінай
Міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт назваў "дрэнным знакам" агрэсіўны тон Аляксандра Лукашэнкі ў тэлевізійным выступе 13 красавіка.
Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што саўдзельнікі і заказчыкі тэракту ў метро ўсё яшчэ шукаюцца, і запатрабаваў у сувязі з гэтым "усіх прыцягнуць і дапытаць, не гледзячы ні на якую дэмакратыю, выццё і стогны пакутнікаў".
"Са здарэннямі такога кшталту варта дзейнічаць у адпаведнасці з вяршэнствам закона. Ствараць атмасферу запалохвання і страху — не спосаб кіраваць краінай, нават не спосаб спраўляцца з тэрарыстычнымі пагрозамі. Ён мусіць ведаць, што мы будзем назіраць. Калі ён выкарыстае гэта як падставу для далейшай актывізацыі рэпрэсій, гэта будзе абавязкова заўважана", — заявіў шведскі міністр у інтэрв'ю брусэльскаму сайту EUobserver.