Неўязны ў ЕС Уладзімір Макей прызначаны міністрам замежных спраў
Ён заменіць на гэтай пасадзе Сяргея Мартынава.
Мартынаў вызвалены з пасады міністра замежных справаў у сувязі з пераходам на іншую працу, інфармуе БЕЛТА. Адпаведныя ўказы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 жніўня.
Уладзімір Макей стане міністрам замежных спраў, пакінуўшы пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Хто ўзначаліць Адміністрацыю, пакуль не паведамляецца.
Гл. таксама:
Заіка: Думаю, ЕС выкрасліць Макея з "чорнага спісу"
Юрый Шаўцоў: Макей атрымаў большую самастойнасць і эканамічны рэсурс
Даведка Еўрарадыё:
Макей Уладзімір Уладзіміравіч. Нарадзіўся 5 жніўня 1958 года. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў, вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992-1993). З 1993 па 2000 год на дыпламатычнай службе ў Міністэрстве замежных спраў. З 2000 па 2008 год працаваў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі. 15 ліпеня 2008-га Макей узначаліў Адміністрацыю прэзідэнта. У 2011 уключаны ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд краіны ЕС.
У верасні 2011 года Уладзімір Макей распусціў Грамадска-кансультацыйную раду, якая існавала з 2009 года. У яе ўваходзілі вядомыя грамадскія, дзяржаўныя і апазіцыйныя прадстаўнікі, незалежныя аналітыкі і бізнесмены. Сярод іх — экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, эканаміст Леанід Заіка, старшыня "Таварыства беларускай мовы" Алег Трусаў, выдавец Пётр Марцаў, старшыня "Беларускага хельсінскага камітэта" Алег Гулак, кіраўнік TUT.BY Юрый Зісер, галоўны рэдактар “СБ. Беларусь Сегодня” Павел Якубовіч і іншыя. Рада стваралася з мэтай абмеркавання актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства. Пасля прэзідэнцкіх выбараў дзяржаўныя прадстаўнікі ігнаравалі пасяджэнні Рады, а ў верасні 2011 года Макей зусім распусціў яе. Сваё рашэнне ён патлумачыў тым, не хоча, каб сябраў Рады вінавацілі ў супрацоўніцтве з уладамі.
Фота — bymedia.net