Лукашэнка выпусціў з турмы яшчэ чатырох асуджаных за Плошчу (фота)
Памілаваныя Алесь Кіркевіч, Андрэй Пратасеня, Алег Гнедчык і Дзмітрый Даронін. У верасні чакаецца вызваленне астатніх палітвязняў.
“Асуджаныя заявілі пра раскаянне, прызнанне віны, усведамленне супрацьпраўнага характару сваіх дзеянняў і пра гатоўнасць у далейшым выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь”, — цытуе паведамленне прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі БелаПАН.
Паводле інфармацыі Еўрарадыё, памілаваны маладафронтавец Алесь Кіркевіч, а таксама сябра ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука Андрэй Пратасеня, грамадскі актывіст Алег Гнедчык і Дзмітрый Даронін. Вядома, што асуджаныя былыя кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Ус і Андрэй Саннікаў не падавалі прашэнні аб памілаванні.
Андрэй Пратасеня вярнуўся дадому.
Як інфармуе агенцтва Reuters, на мінулым тыдні адбылася таемная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младзенавым. Па яе выніках апошні даслаў ліст кіраўнікам Еўрасаюза. З яго вынікае, што кіраўнік Беларусі паабяцаў да кастрычніка вызваліць усіх палітвязняў і правесці круглы стол з апазіцыяй. Сітуацыя ў Беларусі і абяцанні Лукашэнкі, нібыта, будуць неўзабаве абмеркаваныя міністрамі замежных спраў краін ЕС.
Алега Гнедчыка сустракалі на мінскім вакзале сябры і журналісты.
Нагадаем, 11 жніўня былі памілаваныя 9 чалавек, асуджаных за Плошчу: Зміцер Дрозд, Арцём Грыбкоў, Сяргей Казакевіч, Васіль Парфянкоў, Уладзімір Яроменак, Яўген Сакрэт, Віталь Мацукевіч, Аляксандр Квяткевіч і “навушнік” Уладзімір Хамічэнка.
Тым часам за кратамі застаюцца яшчэ каля 30 фігурантаў справы за масавыя беспарадкі, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч і Дзмітры Ус.