Лукашэнку патэлефанаваў кароль Іспаніі
У размове, што адбылася 25 чэрвеня, абмяркоўваліся перспектывы ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — Еўрасаюз.
Як адзначае прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ініцыятыва гэтай размовы належала менавіта іспанскаму манарху Хуану Карласу І. Сярод іншага, лідэры дзвюх краінаў абмеркавалі далейшы беларуска-іспанскі дыялог, а таксама пытанні супрацоўніцтва ў межах міжнародных арганізацый, паведамляе БелаПАН.
Кароль Хуан Карлас І у 1970-ыя гады быў ініцыятарам дэмакратычных пераўтварэнняў у Іспаніі. Ён таксама надаў іспанскім правінцыям болей самастойнасці і такім чынам здолеў часткова зняць сацыяльна-палітычнае напружанне ў краіне.
Але ж з 1982 года кароль мала ўдзельнічае ў бягучым палітычным жыцці ды ўспрымаецца найперш як сімвал нацыянальнага адзінства і гарант дэмакратычных свабодаў. Пра ступень яго папулярнасці цяжка меркаваць, бо Хуана Карласа па традыцыі мала крытыкуюць у прэсе.