Макей у Тбілісі абмяркоўвае дэмакратызацыю Беларусі
Нагадаем, што 12-13 лютага там праходзіць саміт міністраў замежных справаў краін Усходняга партнёрства.
"Не ізаляцыя, а ангажаванасць у еўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай і заможнай", — заявіў беларускі міністр Уладзімір Макей пасля перамоваў з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле.
На прэс-канферэнцыі па выніках двухбаковых перамоваў Фюле заявіў, што Беларусь зможа нармальна развіваць адносіны з Еўрасаюзам толькі пасля вызвалення палітвязняў, перадае Радыё "Свабода". Таксама ён паведаміў, што адначасова ЕС развівае з нашай краінай дыялог аб мадэрнізацыі.
У адказ кіраўнік беларускай дыпламатыі паведаміў, што наша краіна застанецца ва Усходнім партнёрстве. Макей прапанаваў вырашаць праблемы ў адносінах з Еўрасаюзам праз дыялог. Па яго словах, такі дыялог адбудзецца ў яго ў сераду, 13 лютага, з кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан і еўракамісарам Штэфанам Фюле.
Фота — telegraf.by