Маладафронтаўца Алеся Кіркевіча папярэдзіла міліцыя
3 студзеня асуджаны за Плошчу і памілаваны маладафронтавец наведаў аддзяленне міліцыі “Цэнтр” Гродна.
Там яму пад роспіс афіцыйна ўручылі першае папярэджанне за парушэнне грамадскага парадку. Справа тычылася затрымання Кіркевіча ў верасні 2011 года. Нагадаем, тады ён распаўсюджваў улёткі з інфармацыяй пра маўклівую акцыю пратэсту 21 верасня.
Як сказаў Алесь у гутарцы з Еўрарадыё, на ўліку ў міліцыі ён мусіць стаяць яшчэ некалькі гадоў — пакуль не скончыцца тэрмін яго прысуду. Калі яму дадуць яшчэ адно такое папярэджанне, то могуць усталяваць прэвентыўны нагляд: участковы будзе наведваць хлопца дома, яму абмяжуюць выезды з горада.
Гродзенскі маладафронтавец 22-гадовы Алесь Кіркевіч — адзін з асуджаных па "справе 19 снежня". Ён атрымаў 4 гады зняволення. 1 верасня Кіркевіча разам з іншымі палітвязнямі памілавалі і выпусцілі з калоніі.