Марыну Кавалеўскую падазраюць ва ўхіленні ад прызыву ў войска
Менавіта гэтым улады патлумачылі тое, што адвакатку ўчора не выпусцілі за межы Беларусі.
Сама Кавалеўская у каментары Еўрарадыё заявіла, што ніколі не была ваеннаабавязанай:
Кавалеўская: "Для мяне гэта поўны абсурд. Ваеннаабавязанай я ніколі не была, вайсковага білета ў мяне няма, да вайсковага ўчастку я не прыпісаная. І гэта зноў пацвярджае той факт, што забарона на выезд у адносінах да мяне была накладзеная праз спецыфіку справаў, па якіх я працавала. Гэта выклікае ў мяне вялікае шкадаванне, бо адвакаты ў сваёй дзейнасці кіруюцца толькі законам".
Нагадаем, што Кавалеўская пасля 19 снежня 2010 года выступала на судзе абаронцай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Дзеля абароны сваіх правоў яна накіравала кіраўнікам Рэспубліканскай і Мінскай калегій адвакатаў дакументы з просьбай адрэагаваць на парушэнне яе канстытуцыйных правоў. Таксама Кавалеўская просіць дапамагчы ў выкрэсліванні яе са "спісу невыязных".
Нагадаем, што цяпер у беларускім "спісе невыязных" каля паўтара дзясятка чалавек — журналісты, палітыкі, праваабаронцы.
Фота — nn.by