Мастакі ўзялі на сябе адказнасць за тэракт у метро
Актывіст арт-групы “Ліпавы цвет” Дзяніс Лімонаў заступіўся за Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных на смерць за выбух у метро.
Мастак звярнуўся з лістом да генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка, у якім прызнае сваю датычнасць да выбухаў у 2005, 2008 і 2011 годзе ў Віцебску і ў Мінску. Як адзначаецца ў лісце, арт-група “Ліпавы цвет” звязаная з тэрарыстычнымі групамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі еўрапейскіх краін. Сваім матывам яны называюць “дээскалацыю палітычнага тэрору” у Беларусі, а сам выбух 11 красавіка 2011 года называюць мастацкім творам, “артэфактам”, пішуць naviny.by
Сябры арт-групы “Ліпавы цвет” выказваюць гатовасць даць паказанні па гэтай справе, каб прыпыніць “машыну смерці” і даць хаця б фармальныя падставы для аднаўлення следства па справе Канавалава і Кавалёва.
У Генпракуратуры пакуль не кажуць, ці будзе праводзіцца праверка па факце заявы Лімонава.