Мінскі форум паабяцаў беларускім аўтарам дапамагчы з выданнем кніжак

На працягу трох дзён форуму ўдзельнікі абмеркавалі шмат пытанняў: дзейнасць ў межах “Усходняга партнёрства”, прыватызацыю, культурнае супрацоўніцтва з Еўропай. Шмат увагі надавалі і пытанню надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў.

Працэс рэгістрацыі, збору подпісаў і магчымасцяў кантактаў з выбаршчыкамі палепшыліся, адзначыў спадар Лінднэр. Але, тым не менш, паводле яго словаў, наўрад ці адбудзецца цуд:

“Мы ведаем, што перадвыбарная барацьба ўжо была адзначаная ўжываннем стандартаў, якія не супадаюць са стандартамі АБСЕ. І гэта не навіна... Таму трэба гаварыць пра тое, што мы можам зрабіць, каб выйсці з гэтай сітуацыі. Што можна зрабіць цяпер.”

Паводле словаў старшыні Мінскага форуму, пагадненне аб палягчэнні візавага рэжыму неабавязкова трэба прывязваць да вынікаў выбараў:

“Вяртанне да санкцыяў не з’яўляецца мэтазгодным крокам… Гэта не гульня. Мы знаходзімся ў сітуацыі, якую не мы стварылі, але ў паляпшэнні якой мы зацікаўленыя. Важна, каб былі магчымасці змены гэтай сітуацыі. Але гэта можа зрабіць толькі беларускае насельніцтва, а не эксперты-кансультанты Мінскага форуму. Гэтую задачу ніхто з вас не можа зняць”.


Падчас форуму абмяркоўвалі стварэнне інавацыйнага парку, які ўжо ёсць у нашых суседзяў.

Райнэр Лінднэр:
“Беларусь можа быць у авангардзе, калі весці гаворку пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, узнаўляльныя. Праз 25 год пасля Чарнобыля было б правільным падыходам развіць гэтую палітыку”.

З агаворкамі, але ацанілі станоўча і Мытны саюз.

Райнэр Лінднэр: “Для вытворчых сілаў Беларусі гэта можа быць шанцам пастаўляць сваю прадукцыю на большы рынак. Але трэба адсочваць, як Мытны саюз будзе рэалізоўвацца на практыцы. Ён пакуль не дзейнічае на поўную моц. Таму цяжка казаць пра перспектывы”

Цягам трох дзён форума абмяркоўваліся не толькі палітычныя і эканамічныя пытанні, але і культурныя. Гэтым разам больш увагі надалі літаратуры. І нават паабяцалі дапамагчы з выданнем кніжак беларускім аўтарам.

Райнэр Лінднэр: “Мы паслухалі новых аўтараў. Паглядзім, ці атрымаецца ў іх апублікавацца... Мы заўсёды гатовыя дапамагчы, калі ўзнікнуць праблемы з публікацыяй ці выданнем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі