На беразе Нёмана знайшлі старажытную каменную ікону (фота)
Унікальную знаходку выявілі краязнаўцы з Шчучына.
Група энтузіястаў ужо не першы год займаецца аднаўленнем гісторыі авіяцыі першых дзён Вялікай айчыннай вайны. Падчас праверкі адной з версій, краязнаўцы натыкнуліся на незвычайны камень. Ён быў апрацаваны і зверху праглядаўся высечаны крыж. Калі камень перавярнулі, то на другім баку выявілі малюнак — некалькі фігур з узнятымі рукамі, паведамляе tutgrodno.com
Гісторыкі, прааналізаваўшы знаходку, выказалі здагадку, што гэта адзін з першых каменных хрысціянскіх абразоў, знойдзеных у Беларусі. Верагодны сюжэт — Маці Божая Аранта. Арыентоўны час стварэння — XVII–XVIII ст.
У адной з вёсак у акрузе існуе легенда, што калісьці на беразе Нёмана стаяў невялікі храм. Затым яго або разбурылі, або ён згарэў. Цяпер спецыялісты заняліся больш глыбокім вывучэннем знаходкі. Пасля аналізу выявы на камені абраз перададуць у музей.