На паляўнічы аўкцыён выставяць пуцёўкі на забойства 250 жывёл

loss.mp3

На выставе “Паляванне і рыбалоўства” ў Мінску разыгрываюць праз аўкцыён 250 жывёл. Пачатковы кошт, напрыклад, лася для адстрэлу — ад 8 мільёнаў.

“Набываеце пуцёўку, і егер вам выстаўляе тую жывёлу, якую вы набылі. Можаце не страляць, гэта вашы пытанні. Усяго будзе 250 лотаў, лічыце 250 жывёл”, — тлумачаць у Таварыстве паляўнічых і рыбаловаў.

Старшыня таварыства Юрый Шумскі абяцае, што калі звера выкупяць і не будуць страляць, ён пражыве… да наступнага сезона.

“Калі выкупяць, то мы разавы дазвол анулюем, і звер будзе жыць да наступнага сезону. Усе паляўнічыя гаспадаркі выставілі па адным-два зверы. Хто лася, хто дзіка — выключна дарослыя асобіны”, — кажа Юрый Шумскі.

І дадае, што ў Беларусі каля 100 тысяч аматараў палявання. А грошы ад продажу тура пойдуць на развіццё паляўнічых гаспадарак.

Каб выратаваць хаця б аднаго лася, эколагі адкрылі дабрачынны рахунак. За дзень да аўкцыёна сабраўся толькі мільён — восьмая частка ад кошту жывёлы. І гэта калі без таргоў. А пад петыцыяй за адмену аўкцыёна — 4 тысячы подпісаў, расказвае старшыня “Экадома” Ірына Сухій:

“Гэта продаж права на забойства. Нельга з такіх рэчаў рабіць забаву. На жаль, грошай сабралася мала, на лася не хопіць. Паглядзім, што нам будзе па кішэні”.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі супакойваюць — “ласёў хопіць”. Па рэспубліцы жыве 27 тысяч гэтых жывёл:

“Па нармаваных відах жывёл штогод складаецца план выняцця. Згодна з гэтым планам яны маюць права рэалізоўваць дазвол на здабычу гэтых жывёл. Таму яны маюць права прадаваць як проста так, так і праз аўкцыён”.

Летась на ўсё Таварыства паляўнічых і рыбаловаў афіцыйна забілі 628 ласёў. На гэты сезон у планах 900 ласёў, 3,5 тысячы казуляў, 13 тысяч дзікоў.

Паляўнічыя не супраць аўкцыёну. Праўда, паўдзельнічаць могуць не ўсе… дорага, прызнаецца паляўнічы Аляксандр, які хадзіў і на лася, і на дзіка:

Аляксандр: “Трэба ж прыцягваць грашовыя сродкі, кошты вялікія. Просты паляўнічы не можа ўзяць ліцэнзію і забіць лася ці аленя. А такі аўкцыён дае магчымасць паўдзельнічаць”.

Забіць за грошы можна забіць нават зубра з чырвонай кнігі. Праўда, кошт будзе большы — ад 6 да 40 тысяч еўра. На сёлетнім аукцыёне зуброў няма.

Выстава "Паляванне і рыбалоўства. Восень 2012"

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі