Пасажыра мінскага аўтобуса, якога мінчане адбівалі ад міліцыі, чакае суд
Інцыдэнту на прыпынку ў Мінску дадуць прававую ацэнку, заяўляе намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму Ігар Яўсееў (відэа).
Яго відэазварот змешчаны сёння на сайце ГУУС. Нагадаем, што сёння ў аўтобусе №38, што ідзе па вуліцы Няміга, здарыўся канфлікт паміж пасажырамі і кандуктарам. Пасажыр адмовіўся прабіваць талончык, іншы пасажыр за яго заступіўся. Кандуктар у сваю чаргу звярнуўся па дапамогу да міліцыянта, што ехаў у аўтобусе. Пачалася бойка.
Намеснік начальніка сталічнай міліцыі паведамляе, што цяпер па факце гэтага інцыдэнту ладзіцца праверка, апытваюцца сведкі і ўдзельнікі. Паводле папярэдняй ацэнкі дзеянні чалавека, што агрэсіўна ўмяшаўся ў канфлікт, падпадаюць пад катэгорыю правапарушэння. Для канчатковай ацэнкі сабраныя матэрыялы будуць перададзены ў пракуратуру і суд Цэнтральнага раёна.