Зборная Беларусі выйграла ў Арменіі — 2:1 (Брэсан!)

Таварыскі матч прайшоў у Ерэване на стадыёне імя Вазгена Саркісяна.

У першым тайме армянскія футбалісты больш атакавалі, мелі нямала галявых момантаў, але білі па браме недакладна, альбо выдатна гуляў Сяргей Верамко. У беларусаў момантаў было мала, фактычна, яны скарысталі адзіны выдатны шанец і адкрылі лік. На 44-й хвіліне Рэнан Брэсан атрымаў мяч у цэнтры штрафной пляцоўкі і дакладна прабіў. Заўзятары на трыбунах скандавалі: "Малайцы!"

Гэта першы гол Брэсана за нацыянальную зборную Беларусі. Нядаўна ён вызначыўся і ў складзе алімпійскай зборнай Беларусі, забіўшы гол у браму бразільцаў. У другім тайме Брэсан забіў зноў!

У другой палове гульні беларусы дзейнічалі ўпэўнена, часам выкарыстоўвалі прэсінг, але без правалаў у абароне не абыйшлося. Армяне адчайна спрабавалі адыграцца, але ў некаторых сітуацыях шчасце ад іх адварочвалася. Праўда, у адной з армянскіх атак на 71-й хвіліне Дзмітрый Вярхоўцаў зрэзаў мяч у сваю браму — 2:1. У далейшым лік ужо не змяніўся.

На 40-й хвіліне жоўтую картку атрымаў Сяргей Кісляк, на 55-й — Максім Бардачоў, на 68-й — Давід Манаян, на 79-й — Вярхоўцаў, на 87-й — Антон Пуціла.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Верамко (Жаўноў, 46), Бардачоў (Вераціла, 60), Мартыновіч, Вярхоўцаў, Жаўнерчык, Цігараў, Кісляк (Драгун, 46), Пуціла (Балановіч, 90), Карніленка (Камароўскі, 46), Няхайчык, Брэсан (Хачатуран, 70).

Фота — daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі