Placebo упершыню выступяць у Мінску
Брытанскія рокеры сыграюць у Палацы спорту 22 верасня.
Гурт Placebo выступіць у Мінску ў межах агульнаеўрапейскага тура з праграмай “Battle for the Sun”. Канцэрт запланаваны на 22 верасня ў Палацы спорту.
“Мы толькі дамовіліся з імі, і толькі выкінулі квіткі ў продаж, яны прадаюцца ўсяго 4 дні. Таму мы яшчэ ў працэсе запуску, але квіткі разыходзяцца даволі добра”, – распавялі Еўрарадыё арганізатары канцэрта.
Кошт квіткоў складае ад 325 да 700 тысяч рублёў.
Перад Мінскам Placebo сыграюць у Санкт-Пецярбургу, Маскве і Кіеве. Цікава, што беларуская сталіца ў раскладзе тура гурта на яго сайце пакуль не з’явілася.
Адзначым, што Placebo ніколі не выступалі ў Мінску. Перамовы з імі вяліся ў 2010-м, але тады гурт аддаў перавагу іншым гарадам.