Placebo “Loud Like Love”
Альбом з драматычным каханнем і песнямі, што напісалі самі сябе.
Раскладаючы каханне на атамы, прабачаючыся за бурнае мінулае і перажываючы горыч адзіноты, Placebo выпускаюць свой сёмы альбом. Новы дыск брытанскіх альтэрнатыўшчыкаў аказваецца нечакана мажорным, няроўным па сваім настроі і, напэўна, упершыню настолькі глыбока прысвечаны любові ў розных яе аспектах. “Loud Like Love” з аднаго боку, адпавядае фірмоваму стылю і гучанню Placebo. З іншага — ён атрымліваецца не зусім такім, якім яго чакалі, асабліва пасля выхаду міні-альбома “B3” у канцы мінулага года.
Да працы над дыскам музыкі запрасілі новага прадзюсара Адама Ноўбла — першага ў гісторыі гурта маладзейшага за саміх Placebo. Дагэтуль ён быў асістэнтам гукарэжысёра ў такіх монстраў як Пол Макартні, Muse, Coldplay, уласна запісваў Робі Уільямса, McFly. Але ж Placebo для Ноўбла стаў першым самастойным праектам калектыву з “вышэйшай лігі”.
Адкрываецца альбом загалоўнай песняй “Loud Like Love” — моцнай і выбуховай, з прыемным ранішнім асеннім водарам, тыповым пласібаўскім гучаннем і ўласцівым меладычным рыфам, што перагукаецца са “Special Needs”. Пад “Loud Like Love” прыемна прачынацца ці гуляць у навушніках па пажоўклай лістоце ў Батанічным садзе. А казытлівы голас Молка расказвае, дзе знаходзіцца каханне і што нам трэба рабіць, каб яго атрымаць.
“Песня з’явілася сама па сабе, вельмі лёгка, як быццам сама сябе напісала, — расказвае ў інтэрв’ю французскаму часопісу “My Rock” гітарыст і басіст Стэфан Олсдэйл. — Мы былі ў Іспаніі, сядзелі позняй ноччу галышом і джэмілі, спрабуючы знайсці добры гітарны рыф”.
На сваіх канцэртах Placebo не выкарыстоўваюць акрабатычных нумароў, лазерных шоў ці тэатральных пастановак. Яны бяруць напорыстым гучаннем і шчырымі эмоцыямі з яўным і моцным пасылам да публікі. Часам нават узнікае ўражанне, што некаторыя апошнія песні музыкі ствараюць адмыслова пад канцэрты, каб слухач таксама браў удзел у іх. Магчыма, таму на альбоме некаторыя кампазіцыі застаюцца нібыта няпоўнымі. Як, напрыклад, “Scene Of The Crime”.
Адно з самых моцных месцаў на альбоме — “Too Many Friends”. Гэта вельмі правільная, гарманічная песня з пункту гледжання гучання і аранжыроўкі, і сучасна-папсовая ў плане тэксту. Молка задаецца пытаннем: Фэйсбук аб’ядноўвае ці адштурхоўвае, расказвае пра спам і натоўпы віртуальных людзей, з якімі сябруеш, але ніколі не сустрэнешся.
“Я задаваўся пытаннем, аб'ядноўвае Facebook людзей ці з'яўляецца прычынай сацыяльнага адчужэння. Ці ўплывае гэты сродак камунікацыі на нашу здольнасць зносін з людзьмі ў рэальным свеце, і што значыць наяўнасць тысячы сяброў у інтэрнэт-прасторы? У чым заключаецца сэнс зносін пры дапамозе смартфонаў, калі ты таксама можаш камунікаваць з сябрамі ў рэальным свеце? — тлумачыць сэнс песні Браян Молка. — У рэшце, усё зводзіцца да таго, што маленькая праслойка людзей у сучасным грамадстве неверагодна багацее з дапамогай гэтага спосабу камунікацыі, а большасць, здаецца, гэтага да канца не ўсведамляе. У мяне няма акаўнтаў ні ў адной з сацыяльных сетак! І мне абсалютна не цікава, хто, дзе і што есць на вячэру! І я таксама не хачу ведаць, хто калі напіваецца. Што мне з таго?”
На “Loud Like Love” Placebo эксперыментуюць з гучаннем рытм-секцыі. Молка нават адзначае, што самы галоўны інструмент — ударныя, ад якасці запісу якіх і залежыць увесь альбом. І рытм-секцыя на “Loud Like Love” як і заўсёды, на 5 з 5. Пацвярджэннем таму могуць служыць традыцыйныя для Placebo баевікі: “Rob The Bank” ці “Purify”.
Молка размяняў пяты дзясятак. У свае 40 ён становіцца больш сур’ёзным. Ён непакоіцца, што не так усё пражыў, як трэба, асэнсоўвае свае ўчынкі і скрозь увесь альбом просіць прабачэння ў каханай.
У павольнай “Hold on to me” з наіўным гітарным рыфам і нечаканым струнным пераходам да рэчытатыву, Молка голасам святара нібыта прамаўляе малітву:
Я раблю, усё, што магу,
Каб заслужыць прабачэнне.
Я ўжо па калена ў сыпучых пясках
І ўсё клічу цябе на дапамогу,
Калі ласка, працягні мне руку,
Забудзься пра правілы хаця б раз.
Пасля ў “Rob the Bank” ён просіць забраць яго дадому і заняцца каханнем, але нечакана зрываецца на пагрозы:
Бойся майго гневу і лютасці,
Калі наважышся мяне адвергнуць.
Псіхадэлічная “Begin The End” — сапраўднае ўпрыгожанне альбома. Яе першапачатковая версія доўжылася амаль 25 хвілін, але на альбом трапіла толькі 6. Песня — як адлюстраванне кахання ад першага знаёмства да апошняй абразы: пачынаецца вельмі сціпла, далікатна, прыгожай гітарнай партыяй, пасля нарастае і пераўтвараецца ў сумбур непаразумення.
Фінальную кропку і на альбоме і ў трагічнай любоўнай эпапеі Молка ставіць “Bosco”. Тут Браян канчаткова выварочвае душу і спавядаецца пра наламаныя дровы шалёнага юнацтва:
Ты ведаеш, што я ўдзячны і цаню тое, што ты робіш,
Але на самай справе, я бязлітасна выпіваю цябе без астатку.
“Думаю, гэта самы асабісты і адкрыты тэкст, які я калі-небудзь напісаў, — распавядае Молка. — Гэтая песня — мой спосаб прынесці самыя шчырыя прабачэнні аднаму чалавеку... Мне складана сказаць больш пра яе, я не магу падзяліцца дэталямі. Я ніколі не быў так ўразлівы, як у гэтай песні. Калі я думаю пра яе, мне здаецца, што ў эпоху “Nancy Boy”, у 1990-я, я не мог бы і падумаць, што аднойчы наш гурт зможа запісаць такую песню, як “Bosco”. Яна настолькі далёкая ад таго, з чаго мы пачыналі”.
Трэк-ліст:
1. Lоud Like Lоvе
2. Scene of the Crime
3. Too Many Friends
4. Hold On To Me
5. Rob the Bank
6. A Million Little Pieces
7. Exit Wounds
8. Purify
9. Begin the End
10. Bosco