Польскі палітык-папуліст Анджэй Лепер здзейсніў суіцыд

Анджэя Лепера, шматгадовага лідара партыі Самаабароны, віцэ-прэм'ера ва ўрадзе Яраслава Качыньскага, знайшлі сёння каля 17.00 па мясцовым часе засіленным у варшаўскай сядзібе партыі.

“Павінна было здарыцца нешта страшнае, калі ён адважыўся на такое. Ён чалавек вялікага фармату, створаны для палітыкі, магчыма, не вытрымаў тэмпаў часу”, — так пракаментаваў здарэнне былы сенатар Самаабароны Генрык Дзідо.

Анджэй Лепер, заснавальнік партыі Самаабароны і Прафсаюзнага Саюзу нарадзіўся 13 чэрвеня 1954 года. У палітыку прыйшоў на пачатку 1990-х, калі арганізоўваў пратэсты аграрнікаў. У 2001 годзе першы раз патрапіў у Сойм. Праз некалькі тыдняў стаў віцэ-маршалкам Сойму.

У 2005 годзе зноў быў выбраны ў польскі парламент, а на прэзідэнцкіх выбарах заняў 3 месца. Лепер быў тады на піку палітычнай кар'еры. У 2006 годзе стаў віцэ-прэм'ерам і міністрам сельскай гаспадаркі ва ўрадзе Яраслава Качыньскага i Казіміра Марцінкевіча.

У 2006 годзе ў Самаабароне выбухнула секс-афёра, у якой быў замешаны Лепер. У лютым палітык быў пакараны на 2 гады і 3 месяцы турмы. У сакавіку 2011 Апеляцыйны Суд у Лодзі скасаваў прысуд і накіраваў справу на паўторны разгляд.

У ліпені 2007 года варшаўская акруговая пракуратура абвінаваціла Лепера ў фальшывых сведчаннях па зямельнай афёры. Працэс па гэтай справе не мог ніяк пачацца, бо Лепер не прыходзіў суд, у выніку чаго ў сакавіку 2011 пастанавілі яго затрымаць і прывесці ў залю суда.
 
Былая дэпутатка Сойму ад Самаабароны Данута Хаярска сказала польскаму радыё Тройка, што не верыць у самагубства Анджэя Лепера: “У яго хворы сын, ён быў патрэбны”.

Былы старшыня польскай Самаабароны быў вядомы ў Беларусі як гарачы прыхільнік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён неаднаразова прыязджаў у нашу краіну ў якасці назіральніка на выбарах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі