Праваабаронцу Андрэя Юрава пачнуць дапытваць аб 11:00
Вядомы расійскі праваабаронца цяпер знаходзіцца ў РАЎС Савецкага раёна Мінска. Яму кажуць, што з 4 сакавіка ён "у базе неўязных" у Беларусь.
Паводле часткі 2 артыкула 371 Крымінальнага кодэкса Беларусі праваабаронцы можа пагражаць арышт на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Андрэй Юраў — кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — зараз [22:32, 16 сакавіка 2011 г. — Заўв. Еўрарадыё] знаходзіцца ў РАЎС Савецкага раёна Мінска. Цалкам магчыма, што яго рыхтуюць да дэпартацыі з Беларусі.
16 сакавіка місія прыняла адмысловы зварот, у якім рэкамендуе беларускім уладам запрасіць экспертаў АБСЕ для расследавання падзей 19 снежня. У той жа дзень у мінскую кватэру, дзе жыў Юраў, прыйшлі супрацоўнікі Аддзела па грамадзянстве і міграцыі Савецкага раёна Мінска. Яны папрасілі праваабаронцу прад'явіць дакументы, што ён і зрабіў. Пашпарт быў у парадку, аднак Андрэю Юраву паведамілі, што з 4 сакавіка ён знаходзіцца "у базе неўязных" у Беларусь. Пасля яго адвезлі ў РАЎС Савецкага раёна Мінска.
Там Юраў пакінуў тлумачальную запіску, што не валодаў інфармацыяй пра тое, што ўключаны "у базу неўязных". Складаннем запіскі кіраваў старэйшы лейтэнант міліцыі — супрацоўнік РАЎС Савецкага раёна Мінска.
Праваабаронца не ведае, з якіх прычынаў ён можа быць непажаданай персонай у Беларусі. Па яго словах, ён не меў дачынення да якіх бы то ні было супрацьпраўных дзеянняў. Тым не менш, ён мяркуе, што ўключэнне яго прозвішча ў "базу неўязных" можа паслужыць падставай да яго дэпартацыі з краіны.
На 22:49 16 сакавіка сувязь з Андрэем Юравым перарвалася. Яго тэлефон недасяжны.
23:00, 16 сакавіка. Адкрытыя крыніцы ў інтэрнэце паведамляюць, што Андрэю Юраву пагражае крымінальны пераслед за пазапраўнае перасячэнне беларускай мяжы. Па частцы 2 артыкула 371 Крымінальнага кодэкса Беларусі праваабаронцы можа пагражаць арышт на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.
23:30, 16 сакавіка. Тэлефон Юрава па-ранейшаму недасяжны. Па апошніх звестках, у затрыманага канфіскавалі ўсе рэчы. На ноч яго збіраюцца пакінуць у РАЎС Савецкага раёна Мінска.
23:40, 16 сакавіка. Па неправераных звестках, да высвятлення абставінаў затрымання Андрэя Юрава далучыліся расійскія дыпламаты, якія працуюць у Беларусі.