Праваабаронцы пратэстуюць супраць забароны і цэнзуры выступаў музыкаў
Практыка забароны выступаў, радыё- і тэлетрансляцый музычных і іншых твораў мастацтва вяртае Беларусь у часы камуністычнага мінулага, заяўляе ПЦ "Вясна".
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць аднаўлення ў Беларусі антыканстытуцыйнай практыкі забароны і цэнзуравання выступаў музычных гуртоў і выканаўцаў. Нягледзячы на адмаўленне міністрам інфармацыі датычнасці яго ведамства да стварэння "чорнага спісу", забарона шэрагу канцэртаў, трансляцыі музычных твораў у эфіры FM-станцыяў гуртоў і выканаўцаў, чые імёны і прозвішчы ўказаныя ў пазначаным вышэй дакуменце, указвае на аднаўленне ў краіне спісаў забароненых музыкаў.
ПЦ "Вясна" заклікае ўлады да спынення такой практыкі і называе яе "праявай цемрашальства, якая вяртае Беларусь у часы камуністычнага мінулага". Праваабаронцы выказваюць гатоўнасць "у аказанні дапамогі забароненым творцам у адстойванні канстытуцыйных правоў".