Праваабаронцу Віктару Сазонаву не аддаюць пастанову з уласнага суда
Калі цягам двух дзён Сазонаў не атрымае афіцыйную паперу пра прысуд за незаконны выраб друкаванай прадукцыі, абскардзіць яго праваабаронца ўжо не зможа.
20 кастрычніка заканчваецца тэрмін падачы скаргі ў суд Ленінскага раёна Гродна. Дзесяць дзён таму Віктара Сазонава асудзілі за нелегальны выраб і распаўсюд перыёдыкі. Крамольнымі суд палічыў бюлетэні ды ўлёткі пра арышт Алеся Бяляцкага. Віктар Сазонаў з прысудам не згаджаецца, аднак аспрэчыць нічога не можа: пастановы суда ён так і не атрымаў.
“Без гэтай паперы я ўвогуле не маю ніякіх доказаў, што я ў чымсьці вінаваты і што ўвогуле быў суд! — расказаў Еўрарадыё Віктар Сазонаў. — Заяву пра тое, што я хачу атрымаць прысуд на рукі, я зарэгістраваў яшчэ ў дзень вынясення прысуду, на заяве пакінуў свае кантакты. На мае званкі сакратарка заўжды адказвае, што яна нічога не ведае, а суддзя “цяпер занятая”, “цяпер на паседжанні”.
Нагадаем, Віктара Сазонава затрымалі 23 жніўня, калі ён раздаваў бюлетэні ў падтрымку лідара праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алеся Бяляцкага. Пасля затрымання ў працоўным памяшканні Сазонава быў ператрус. У праваабаронцы забралі два сістэмныя блокі кампутараў, кашулькі з выявай Бяляцкага, праваабарончую літаратуру.