Праваабаронцы: У Беларусь трэба запрасіць спецдакладчыка ААН па катаваннях

Еўрапарламент наведала беларуская дэлегацыя, у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, Дар'я Корсак, жонка палітвязня Аляксандра Атрошчанкава, а таксама нядаўнія палітвязні Наста Палажанка, Андрэй Дзмітрыеў, Алесь Міхалевіч і Віталь Рымашэўскі. Яны правялі ў Бруселі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі розных палітычных структур, у тым ліку з сябрамі найбуйнейшай парламенцкай фракцыі — Еўрапейскай народнай партыі.

Як распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё праваабаронца Алена Танкачова, падчас перамоваў гаворка ішла пра тое, што яшчэ магла б рабіць Еўропа ў цяперашніх умовах найперш для таго, каб былі вызваленыя беларускія палітычныя зняволеныя. На адмысловай прэс-канферэнцыі беларусы агучылі інфармацыю адносна крымінальных працэсаў па справе 19 снежня, якія прайшлі ў Мінску.

Таксама абмяркоўвалася пытанне ўдзелу Беларусі ў праграме "Усходняе партнёрства". Прадстаўнік Парламенцкай асамблеі "Еўранэст" запэўніў, што ў яе рамках ствараецца і пачынае працаваць спецыяльная працоўная група па Беларусі. У яе будуць уваходзіць прадстаўнікі ўсіх краін, аб'яднаных ва "Усходняе партнёрства".

Паводле Алены Танкачовай, падчас сустрэч абмяркоўвалася "пытанне неабходнасці ўключэння ўсіх механізмаў, якія прадугледжаныя ў ААН: садзеянне таму, каб у Беларусь былі запрошаныя спецыяльны дакладчык ААН па катаваннях, група па адвольных затрыманнях і група па незалежнасці суддзяў і адвакатаў". Яны мусілі б разабрацца з заявамі аб катаваннях у СІЗА КДБ, а таксама, якім чынам могуць быць перагледзеныя прысуды па падзеях 19 снежня.

Беларуская дэлегацыя падкрэслівала, што "да таго часу, пакуль усе палітзняволеныя ў Рэспубліцы Беларусь не выйдуць на волю, размова адносна іншых камунікацый, іншых магчымых перамоваў аб крэдытах, аб уключэнні новых праграм і аднаўленні дзеяння старых праграм, звязаных з эканамічным удзелам еўрапейскіх структур, мусяць быць замарожаныя". Адзіным прадметам перамоваў на сённяшні дзень мусіць з'яўляцца безумоўнае вызваленне палітзняволеных, падкрэсліла Танкачова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі