Празрыстыя скрыні для ўсёй краіны каштуюць 550 рублёў з кожнага выбаршчыка
На ўсіх участках Столінскага раёна паставяць празрыстыя скрыні для галасавання. Еўрарадыё падлічыла, па колькі б давялося "скінуцца" ўсім выбаршчыкам.
На сёлетніх выбарах празрыстыя скрыні для галасавання паставяць на ўсіх 74 участках Столінскага раёна, а таксама на 3-х участках у Пінску і ў Мінску: на участках Акадэміі кіравання, Міністэрства сельскай гаспадаркі і БНТУ. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
"Цалкам Столінскі раён абяцае абсталяваць участкі празрыстымі скрынямі. На многіх участках у Мінску будуць празрыстыя скрыні. І мы калі праводзілі інструктажы і семінары, арыентавалі арганізатараў выбараў пры магчымасці ставіць на ўчасткі празрыстыя скрыні".
У Столінскім раёне гэта ўжо не першыя "празрыстыя" выбары, распавёў Еўрарадыё старшыня раённай камісіі Рыгор Пратасавіцкі:
"У нас ужо выбары праходзілі з празрыстымі скрынямі, не на ўсіх участках, а дзесьці на палове. А на прэзідэнцкія выбары будуць празрыстымі ўсе скрыні".
Скрыні у Столінскім раёне закуплялі паэтапна. Першыя 6 з'явіліся на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Набылі іх за кошт раённага бюджэту ў якасці эксперыменту. Пазней на мясцовыя выбары за кошт прадпрыемстваў набылі яшчэ. На прэзідэнцкіх выбарах ужо будзе 74 скрыні: па адной на кожным участку. Паводле словаў Рыгора Пратасавіцкага, іх дакупілі за сродкі, выдаткаваныя на выбары.
"У гэтым годзе нам на выбары далі. Мы прыкінулі і дзесьці каля 21 скрыні замовілі за кошт выбарчых грошай. Мясцовы індывідуальны прадпрымальнік у нас вырабляў іх, першыя абышліся ў 170 тысяч. Мы ж у тры этапы рабілі. На мясцовыя трохі даражэй, цяпер дзесьці 280 тысяч".
Атрымоўваецца, што адна празрыстая скрыня каштуе крыху менш за 100 долараў, і гэта на 90 працэнтаў — цана пластыка. На кожны ўчастак трэба мінімум 5 скрыняў: адна датэрміновая, адна асноўная і тры вынасныя, маленькія. Калі на кожны участак ставіць усе пяць празрыстых — выходзіць 400 долараў (200 — вялікія, 200 — маленькія).
Але на кожны ўчастак бюджэт выдзяляе толькі 80 тысяч рублёў, распавяла Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына:
"У асноўным гэтыя грошы выдзяляюцца на працу. Прыбіць фіранку, зрабіць стэнд. Вядома ж, скрыні і кабінкі, застаюцца з мінулых выбараў. У асноўным расходы ідуць на шыльду, стэнд і аплату працы грузчыкаў і цесляру, якія абсталёўваць участкі".
Усяго на матэрыяльнае забеспячэнне выбараў даецца 6 мільярдаў 437 мільёнаў 273 тысячы рублёў — па адным мільёне на кожную камісію. У гэтыя грошы ўваходзіць не толькі абсталяванне ўчасткаў. Шмат ідзе на транспарт, каб вазіць бюлетэні, на друк запрашэнняў, канцылярскія тавары і паслугі сувязі.
Але пры жаданні камісія можа зэканоміць грошы і набыць скрыні, як гэта зрабілі ў Століне.
"Мы даем па 15 сяброў на кожную ўчастковую камісію. Магчыма, недзе іх меней будзе — тады можна эканоміць. У вялікім горадзе асабліва не зэканоміш. А ў вёсках яны робяць невялікія камісіі — 7-8 чалавек, у бальніцах — 5 чалавек", — кажа Лідзія Ярмошына.
Уладзімір Някляеў, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, прапаноўваў ЦВК празрыстыя скрыні з суседніх краінаў, але яму ў гэтым адмовілі.
Нацыянальны каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Сяргей Калякін пагаджаецца, што прапанова Някляева не адпавядае заканадаўству, бо прымаць замежную дапамогу нельга. А вось беларускія прадпрымальнікі і прадпрыемствы маюць права аказаць дапамогу камісіям і набыць празрыстыя скрыні: заканадаўства гэта дазваляе.
Сяргей Калякін: "Яны маюць права прапаноўваць, а калі выбарчыя камісіі будуць ад гэтага адмаўляцца, гэта будзе сведчыць пра тое, што ім празрыстыя скрыні будуць ствараць перашкоды для фальсіфікацыі выбараў".
Калі абставіць празрыстымі скрынямі ўсе участкі для галасавання, якіх у нас 6 346 (мы не бярэм пад увагу 44 замежныя участкі), то спатрэбіцца 2,5 мільёны долараў.
У прынцыпе, можна абысціся і дзвюма празрыстымі скрынямі на ўчастку: для асноўнага і датэрміновага галасавання. Кошт пытання — 1 мільён 270 тысяч долараў. Тады кожнаму выбаршчыку давядзецца скінуцца па 550 рублёў. Прыкладна, столькі ж каштуе ўпакоўка з 10 пачак запалак.
Фота: БелаПАН