Раман Якаўлеўскі: самаізаляцыя Беларусі паглыбілася
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, з нагоды другіх угодкаў падзеяў 19 снежня 2010-га года, паразважаў пра міжнародныя наступствы для нашай краіны.
Нагадаем, у дзень прэзідэнцкіх выбараў на вуліцы Мінска выйшлі дзесяткі тысяч чалавек. Акцыя пратэсту была жорстка разагнаная, сотні людзей затрымалі.
Раман Якаўлеўскі канстатуе, што "самаізаляцыя Беларусі паглыбілася, пра гэта сведчыць хаця б тое, што міністр замежных спраў Беларусі застаецца персонай нон-грата ў ЗША і краінах Еўразвязу. А гэта наступствы падзеяў 19 снежня 2010 года".
Што да магчымых зменаў у адносінах з Захадам, дык умова Бруселя вядомая: толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных магчымыя гутаркі на тэму нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Мінскам, нагадвае Якаўлеўскі.
Праз два гады пасля падзей за кратамі яшчэ знаходзяцца пяць чалавек, чые справы звязаныя з Плошчай: экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, кіраўнік штаба Віталя Рымашэўскага Павел Севярынец, маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, а таксама Васіль Парфянкоў, які быў памілаваны Лукашэнкам і трапіў за краты паўторна за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду.
Фота — bymedia.net