Якаўлеўскі: Лукашэнка адказаў на заяву Фюле
Пра нармалізацыю адносінаў з Еўрасаюзам афіцыйны Мінск гаворыць ад часоў Віленскага саміта "Усходняга партнёрства".
І сённяшняя заява Лукашэнкі пра нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам — з гэтага ж шэрага. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё распавёў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. На яго думку, цяпер беларускі кіраўнік адказаў на нядаўнюю заяву еўракамісара Штэфана Фюле.
Якаўлеўскі: "Гэта ўспрымаць трэба як адказ ужо самога Лукашэнкі на словы Фюле, які казаў, што ўмовы нармалізацыі ранейшыя — у першую чаргу вызваленне палітзняволеных і іх рэабілітацыя".
У сённяшняй заяве кіраўнік Беларусі адзначыў, што крокі па нармалізацыі адносінаў чакае з боку Еўрасаюза.
Якаўлеўскі: "У Брусэлі кажуць, што мяч на баку беларускім. А Лукашэнка кажа — што на баку Еўрасаюза... Тое, што ён сёння казаў, яшчэ раз сведчыць аб тым, што ён спадзяецца, быццам усе перашкоды (маю на ўвазе найперш палітвязняў) не з'яўляюцца для яго перашкодамі ў нармалізацыі адносін".
Палітычны аглядальнік звяртае ўвагу на тое, што нядаўна адбылася сустрэча кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея з яго польскім калегам Радаславам Сікорскім. У СМІ гэтая падзея не асвятлялася, але польскія дыпламаты зазначалі, што маюць пасля яе шмат надзеяў. Якаўлеўскі ж ставіцца да гэтага скептычна і нагадвае, што мінулая палітычная адліга скончылася жорсткім разгонам акцыі 19 снежня 2010 года.